Вярнуўшыся са сьвяткаваньняў 300-годзьдзя Санкт-Пецярбургу практычна не заўважаным сродкамі масавай інфармацыі замежных дзяржаваў, у панядзелак Аляксандар Лукашэнка павіншаваў з нацыянальным сьвятам Італіі прэзыдэнта гэтай краіны Карла Адэльё Чампі (праўда, назваўшы яго Адгельё) ды прэ’мер-міністра Сыльвіё Бэрлюсконі. З апошнім спадар Лукашэнка на афіцыйным абедзе ў Санкт-Пецярбургу 30 траўня сядзеў за адным сталом. Беларускае тэлебачаньне паказала кадры, дзе спадар Бэрлюсконі паціскае Аляксандру Лукашэнку руку. Яшчэ раней італійскі прэм’ер заявіў, што бачыць Беларусь, Украіну й Малдову сябрамі Эўразьвязу. І вось цяпер у сваім віншаваньні спадар Лукашэнка падкрэсьліў, што цалкам падрымлівае італійскае бачаньне будучай адзінай Эўропы, у якой паўнапраўнае месца належыць і Беларусі.
Гэтай заяве мала адпавядае цяперашняя рэчаіснасьць. На сьвяткаваньнях у Санкт-Пецярбургу Аляксандра Лукашэнка адкрыта ігнаравалі. Чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс увогуле адмовіўся сядзець побач зь ім. А на згаданым абедзе, акрамя Сыльвіё Бэрлюсконі, суседзямі беларускага кіраўніка былі прадстаўнікі Мальты, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Бэльгіі ды Польшчы. Зь іх толькі польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, як лідэр суседняй дзяржавы, кантактаваў у нефармальнай абстаноўцы са сп. Лукашэнкам, а мальтыйскі прэзыдэнт Адамі меў з кіраўніком Беларусі “канструктыўную гутарку”. І Польшча, і Мальта яшчэ не ўступілі ў Эўразьвяз. А вось апошні афіцыйны візыт на тэрыторыю гэтага зьвязу прэзыдэнт Беларусі меў у ліпені 1996 году, калі яго запрасіў у Францыю Жык Шырак. Зараз мажлівасьць яго размовы з францускім прэзыдэнтам або канцлерам Нямеччыны нават не разглядаецца.
Праўда, у Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка меў гутаркі з кіраўнікамі ўрадаў яшчэ дзьвюх краін “вялікай васьмёркі” – Японіі й Канады. А са старшынём КНР Ху Цьзіньтао былі абмеркаваныя пэрспэктывы далейшага супрацоўніцтва й будучыя кантакты на вышэйшым узроўні.
Аднак дагэтуль нічога невядома пра такія будучыя кантакты Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком яшчэ адной дзяржавы “вялікай васьмёркі” – Расеі. Спадар Лукашэнка хацеў правесьці перамовы з Уладзімерам Пуціным яшчэ ў красавіку, але нават у траўні часу для іх Крэмль не знайшоў. Прэсавая служба прэзыдэнта Расеі ў панядзелак адмовілася пацьвердзіць, што паседжаньне Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі адбудзецца ў чэрвені. Чакалася, што якраз у Санкт-Пецярбургу спадары Пуцін і Лукашэнка вызначаць дату гэтага паседжаньня. Але для Расеі прыярытэтам ёсьць стасункі з ЗША і Эўразьвязам. Пра “кароткую гутарку” Лукашэнкі з Пуціным паведамілі толькі беларускія афіцыйныя крыніцы – на інтэрнэт-сайце Крамля нічога пра гэта ня пішуць. Затое, як пішуць на інтэрнэт-сайце naviny.by, “саюзную дзяржаву Пуцін хутчэй пабудуе з Бушам”.