Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА "БДГ" ВЫЙДЗЕ ПАД ШАПКАЙ ВЫДАНЬНЯ БЕЛАРУСКАГА НЕЗАЛЕЖНАГА ПРАФСАЮЗУ "САЛІДАРНАСЦЬ"


Ігар Карней, Менск

Рэдактар "Салідарнасці" Аляксандар Старыкевіч канстатуе, што сытуацыя з “БДГ” для Беларусі ня новая, у падобнай ролі можа апынуцца любое недзяржаўнае выданьне. А значыцца, кожны мусіць выяўляць карпаратыўную салідарнасьць са сваімі калегамі.

(Старыкевіч: ) "Мы вырашылі, што павінны ў дадзенай сытуацыі праявіць адпаведную салідарнасьць з калегамі. Цалкам зразумела, што санкцыі пасьля гэтага могуць напаткаць і нас, але гэта не нагода рабіць выгляд, што нас гэтая сытуацыя не датычыцца. Таму ёсьць цалкам сьвядомае рашэньне прадэманстраваць адзінства і прынамсі сёньня дапамагчы калегам тым, чым можам. Мяркую, там-сям газэта трапіць у распаўсюд ужо сёньня..."

Між тым, Міністэрства інфармацыі не зьбіраецца адмаўляцца ад сваіх ранейшых захадаў супраць “БДГ”. Кіраўніца юрыдычнага аддзелу Міністэрства інфармацыі Ліля Богдан кажа, што “БДГ” мае законнае права на абарону, але кропкі над "і" ўрэшце можа паставіць толькі суд.

(Богдан:) "Гэта натуральна, што “БДГ” адрэагавала на захады Міністэрства інфармацыі. Яны падалі ў суд, і чакаць вынікаў засталося зусім нядоўга. 10 і 17 чэрвеня прызначаныя да слуханьня справы, таму загадзя гаварыць фактычна няма пра што. Мы не адмаўляем, што могуць быць розныя вынікі паседжаньняў — мы і раней прайгравалі “БДГ”. Таму справа за судом".

А вось юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец у высновах больш радыкальны і сутнасьць супрацьстаяньня Міністэрства інфармацыі і “БДГ” бачыць у іншым:

(Бастунец: ) "Мае месца шантаж з боку Падгайнага. Ён кажа: калі суд разгледзіць гэтую справу і вырашыць, што мелі месца парушэньні, то дзейнасьць газэты будзе наагул прыпыненая. Але ж насамрэч пазоў падавала “БДГ”! Пазоў аб прыпыненьні дзейнасьці калі і будзе з боку Міністэрства інфармацыі ў судовым працэсе, то гэта ўжо іншая справа, сёньня пра гэта гаворкі ня йдзе. Я лічу, што павінна быць судовае рашэньне на карысьць “БДГ”, і ў прававой дзяржаве было б менавіта так. Суд ужо зараз павінен быў зрабіць пэўныя захады да міністэрства, каб яно прыпыніла дзейнасьць свайго загаду. Калі пачнецца разгляд гэтай справы, можа быць вынесенае рашэньне на карысьць рэдакцыі, і вельмі цікава будзе назіраць, як Міністэрства інфармацыі будзе разьлічвацца за страты, якія панесла “БДГ".

Паводле кіраўніцтва “БДГ”, пакуль што супрацоўніцтва з "Салідарнасцю" не акрэсьленае ў часе і шмат будзе залежыць ад рашучасьці ўладаў прыпыніць выхад выданьня.

Тым часам, рэзананс вакол наступу на свабоду слова ў Беларусі пашыраецца. 30 траўня кіраўнік камітэту АБСЭ ў свабодзе прэсы Фрэймут Дувэ зьвярнуўся па тлумачэньні з нагоды прыпыненьня выхаду “БДГ” да міністра замежных справаў Сяргея Мартынава. Сёньня прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Савіных на маё пытаньне, ці ёсьць на гэты запыт афіцыйная рэакцыя міністэрства, адказаў, што пакуль ніякага адказу на ліст няма, але цягам найбліжэйшых дзён пазыцыя МЗС у гэтым пытаньні будзе агучаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG