Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш прысутнічаў на саміце толькі да абеду, пасьля чаго адправіўся на Блізкі Ўсход, дзе павінен правесьці шэраг важных сустрэч на вышэйшым узроўні ў справе разьвязаньня ізраільска-палестынскага канфлікту. Сярод іншага, удзельнікі сустрэчы ў Эвіяне абмяркоўвалі тэму пасьляваеннай адбудовы ў Іраку. Як вядома, паміж кіраўніцтвам ЗША, з аднаго боку, і кіраўніцтвам Нямеччыны й Францыі, з другога, існавалі прынцыповыя разыходжаньні адносна вайны ў Іраку. Прэзыдэнт Буш сказаў сёньня журналістам у Эвіяне, што цяпер абедзьвюм краінам удалося знайсьці агульныя падыходы:
(Буш: ) “Калі прыйшоў час засяродзіцца на праблемах вольнага Іраку, аздараўленьні Іраку, будучыні Іраку, мы дамовіліся. Мы будзем няўхільна рухацца разам да таго, каб ірацкі народ змог узьняць сваю краіну. Трэба ім даць час для гэтага. Гэта цяжкая сытуацыя для Іраку”.
А вось што заявіў падчас прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр.
(Блэр: ) “Гэта вельмі важна, што Эўропа супрацоўнічае з кіраўніцтвам Злучаных Штатаў. І я думаю, што калі бы мы запыталі ў прэзыдэнта Шырака – ці жадае Эўропа супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі, ён адказаў бы: “так”.
Адной з галоўных тэмаў у Эвіяне быў стан усясьветнай эканомікі. Паводле прэзыдэнта Эўракамісіі Рамана Проды, у парадак дня саміту “васьмёркі” было ўнесенае пытаньне пра суадносіны эўра і даляра.