Некаторыя чэскія выданьні паведамілі, што чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс у часе ўрачыстага паседжаньня ў Екацярынінскім палацы, які месьціцца ў знакамітым Царскім Сяле, адмовіўся сядзець побач з “апошнім эўрапейскім дыктатарам”. Зрэшты, як бы адрэагавалі на падобнае суседзтва іншыя прэзыдэнты, сказаць цяжка: Клаўсу не пашанцавала, бо гасьцей рассаджвалі за сталы паводле алфавітнага парадку, а прозьвішча “Лукашэнка” апынулася якраз пасьля прозьвішча “Клаўс”. Але паколькі сьвяточная імпрэза найменей падыходзіла для высьвятленьня палітычных адносінаў, арганізатары сьвята паспрабавалі не выносіць канфлікт на шырокую публіку.
Зрэшты, чэскі лідэр цягам усіх мерапрыемстваў сёньня заставаўся надзвычай заўважнай фігурай. Падчас саміту “Расея-Эўразьвяз”, у якім бралі ўдзел ня толькі краіны-сябры Эўразьвязу, але кіраўнікі краінаў-кандыдатаў на хуткае ўступленьне ў альянс, Вацлаў Клаўс прадэманстараваў веданьне твораў Аляксандра Салжаніцына, даючы зразумець усім прысутным, што калі Расея імкнецца да цывілізаванага сьвету, пра часы сталінскай “шарашкі” патрэбна забыцца назаўсёды. Некаторыя расейскія палітаналітыкі ўжо зрабілі выснову, што, мажліва, менавіта такім завуаляваным чынам Клаўс яшчэ раз ускосна ўзгадаў пра свайго беларускага суседа за юбілейным сталом.
Акрэдытаваныя ў Санкт-Пецярбургу прадстаўнікі беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня старанна абыходзяць інцыдэнт бокам.
Аднак міжнародная ўвага была акцэнтаваная на іншым. Сапраўднай сэнсацыяй саміту “Расея-Эўразьвяз” можна лічыць папярэднюю дамову паміж кіраўнікамі Расейскай Фэдэрацыі і краінаў Эўразьвязу аб магчымых бязьвізавых паездках грамадзянаў Расеі у краіны шэнгенскай зоны і, адпаведна, вольнае перасячэньне расейскіх межаў грамадзянамі Эўразьвязу. Выніковы дакумэнт хоць і зьяўляецца доўгатэрміновай пэрспэктывай, аднак нават самыя вялікія аптымісты наўрад ці чакалі, што падобная тэма можа быць узьнятая яшчэ да таго часу, як да Эўразьвязу далучацца дзесяць новых сябраў. Тым ня менш, першыя рэальныя прапановы Расея абяцае прадэманстраваць ужо ў сярэдзіне чэрвеня. Дамова наконт вывучэньня ўмоваў бязьвізавага рэжыму зафіксаваная ў прынятым на саміце дакумэнце пад назовам “Адзіная Эўропа дзеля ўсіх эўрапейцаў”.
Магчымасьць бязьвізавых паездак для грамадзянаў Беларусі ніяк не абмяркоўваўся. Відавочна, што і кансультацыяў на гэтую тэму з Лукашэнкам таксама ніхто ня меў. Таму шмат хто небеспадстаўна чакае ад беларускага кіраўніка заяваў аб двайной гульні Расеі.