А 8-й раніцы ліцэісты сабраліся на прыступках ліцэя. Яны сядзелі прыціснуўшыся адзін да аднаго. Вучні спадзяваліся хоць такім чынам сустрэцца з новай дырэктаркай, якая ігнаруе іх запрашэньні прыйсьці на сход. Калі ў будынак заходзілі выкладчыкі, ліцэісты ўставалі і віталі іх воплескамі. Тамара Шчэрбачэвіч так і не прыйшла да пачатку ўрокаў.
Бацькі аднесьлі заяву міністру адукацыі Пятру Брыгадзіну, у якой прасілі зьняць з пасады дырэктара спадарыню Шчэрбачэвіч з-за прафэсійнай непрыгоднасьці. Міністар паабяцаў, што да аўторка прыме нейкае рашэньне. Разам з тым ён паведаміў, што хутчэй за ўсё ліцэй пазбавяць статуса рэспубліканскага і перададуць на баланс ГАРАНА. Бацькі непакояцца, што ў такім выпадку новае начальства можа зачыніць ліцэй на рамонт, а дзяцей расфармаваць па школах.
Калі бацькі вярнуліся ў ліцэй, то даведаліся, што дырэктарка прыйшла і нават выдала новы загад, але не ў галіне выкладаньня. Яна паклікала загадчыцу гаспадаркі й паведаміла, што трэба набыць неабходныя рэчы.
(Загадчыца: ) “Першы загад новага дырэктара: “Я сказала, каб у двухтыднёвы тэрмін у ліцэі была дзяржаўная сымболіка — сьцяг (і не адзін), герб”. Ну, наконт партрэтаў пакуль гаворкі не было, але мелася на ўвазе, што ён таксама патрэбны”.
(Карэспандэнтка: ) “Партрэт каго?”
(Загадчыца: ) “Кіраўніка дзяржавы, канечне”.
(Карэспандэнтка: ) “А ці ёсьць у ліцэі хоця адзін партрэт кіраўніка дзяржавы?”
(Загадчыца: ) “Ну, ведаеце, у нашым ліцэі, на вялікі жаль, нешта няма ніводнага партрэта. І сьцяга няма...”
Саму загадчыцу гаспадаркі новая дырэктарка выгнала з кабінэту і заняла яго для сябе. Туды прыйшлі да яе бацькі. Яны прасілі выслухаць іх патрабаваньні, але й гэтым разам спадарыня Шчэрбачэвіч паведаміла, што не жадае зь імі размаўляць і на бацькоўскі сход да іх ня прыйдзе. За бацькамі прыйшлі ліцэісты. Яны спыталі дырэктарку, чаму яна іх ігнаруе і не размаўляе па-беларуску. Тая адказала ім, што ў яе няма часу, а па-беларуску размаўляць няма нагоды. Вучні заявілі, што не жадаюць, каб у іх была такая дырэктарка, пакінулі ёй сваю заяву і сышлі.
Пасьля гэтага канфлікт дасягнуў свайго апагею. У кабінэт прыйшлі некалькі выкладчыкаў і папрасілі сп. Шчэрбачэвіч падняцца ў настаўніцкую. Яны патрабавалі гэта ў катэгарычнай форме, бо ім стала вядома, што некаторых выкладчыкаў новая дырэктарка выклікала па адным і запалохвала. Дырэктарка пагражала, што выкліча АМАП. Па мабільным тэлефоне яна выклікала інспэктара з аддзелу адукацыі і куратарку ліцэя. Сытуацыя напалялася… Паколькі да настаўнікаў дырэктарка падняцца адмовілася, тыя самі пайшлі да яе ў кабінэт. Туды прыйшлі бацькі ды запатрабавалі, каб яна сама падала заяву на звальненьне. Выкладчык Леанід Баршчэўскі патлумачыў сваю пазыцыю:
(Баршчэўскі: ) “Гэта мэтодыка працы ў нас ня звычная. Мы яе не прызнаем. Як дырэктар — яна некампэтэнтны чалавек, мала таго, зь вельмі сумнеўнымі маральнымі якасьцямі. І, натуральна, мы даверыць такому чалавеку рабіць тут нейкія рэчы ня можам. Гэта небясьпечна для ліцэя, для дзяцей, для пэдагогаў. Бацькі папрасілі напісаць заяву, што яна адмаўляецца. Яна наадрэз адмовілася, паказаўшы тое, што гатовая кіраваць тут голымі сьценамі і гатова сядзець тут пад аховаю АМАПу. Усё астатняе яе не цікавіць. Яе цікавіць толькі знаходжаньне на гэтай пасадзе”.
У гэты момант у ліцэістаў скончыліся заняткі і яны пайшлі ў кабінэт да дырэктаркі. Яны наладзілі сапраўдную маніфэстацыю. Чыноўнікі ад міністэрства доўгі час ўгаворвалі і бацькоў, і настаўнікаў пачакаць, пакуль вырашыцца пытаньне ў міністэрстве.
Станоўчага рашэньня пакуль няма. Заўтра апошні званок. Спадарыня Шчэрбачэвіч паабяцала дзецям, што ня прыйдзе на гэтае сьвята.