Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАМОЛЬНЫЯ СЛОВЫ


Валянціна Аксак, Менск

Сем гадоў таму выканаўчая ўлада краіны забараніла ў афіцыйных назовах арганізацыяў ды ўстановаў ужываць слова “Беларусь”, зрабіўшы выключэньне толькі для аднайменнага часопіса. Пасьля чаго ўсе творчыя саюзы і многія іншыя няўрадавыя арганізацыі мусілі пераназвацца. Гэтак, да прыкладу, Саюз пісьменьнікаў Беларусі стаў Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Што па сутнасьці не адно і тое, бо гэтая арганізацыя мае ў сваіх шэрагах і тых, хто піша па-расейску, па-польску, на ідыш.

Потым сумны лёс крамольнага напаткаў слова “народны”, у выніку чаго, скажам, грамадзкі рух “Беларускі народны фронт” і аднайменная партыя змушаныя былі пакінуць у сваіх назовах толькі абрэвіятуру “БНФ”.

Тыдзень таму пад забарону патрапіла слова “прэзыдэнт”. Цяпер называць так сваю пасаду мае права толькі кіраўнік краіны. Забараняльны вэрдыкт улады на назоў сваёй грамадзкае пасады прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Анатоль Грыцкевіч успрыняў з гіроніяй.

(Грыцкевіч: ) “Я займаю пасаду прэзыдэнта Згуртаваньня беларусаў сьвету. То цяпер мне мяняць гэтую пасаду на вялікага князя ўсіх беларусаў, ці можа загадчыкам назвацца, ці дырэктарам ці як?.. З аднаго боку можна разглядаць гэтае рашэньне як жарт, і сьмяяцца зь яго, а з другога боку — гэта агульная палітыка. Вось зноў перарэгістрацыя, пры якой будуць перагледжаныя нейкія палажэньні. Гэта ня простая замена аднаго слова”.

Між тым манапалізаванае цяперашнім кіраўніком краіны слова ўзьнікла, як сьведчаць гістарычныя крыніцы, задоўга да ўвядзеньня пасады прэзыдэнта Беларусі. Гаворыць мовазнаўца Зьміцер Саўка.

(Саўка: ) “Слова прэзыдэнт узьнікла ў беларускім лексыконе не ў 1994 годзе — яно жыве на нашай зямлі больш за чатыры стагодзьдзі. Упершыню прэзыдэнт (або прэсыдэнт) фіксуецца ў старабеларускіх пісьмовых крыніцах пад 1596 годам — годам Берасьцейскай уніі. І толькі пры XVIII стагодзьдзі яно зьявілася ў мове расейскай.

Пра тое, што слова гэтае стала звыклым, прыжылося, сьведчыць той факт, што яно “дало парастак” — ад яго ўтварыўся дзеяслоў прэзыдаваць.

Пачаткова слова praesidens у лацінскай мове — менавіта з лаціны яно й паходзіць — абазначала “той, хто сядзіць наперадзе”. Не “галава” ці “кіраўнік дзяржавы”, а проста “старшыня”. Як, скажам, старшыня калгасу.

Вось у кнізе “Апокрысіс, альбо водпаведзь на кніжкі аб саборы берасьцейскім”, якая выйшла ў Вільні ў 1598 годзе, чытаем: “біскуп рымскі на галоўных сынодах першае месца заўсягды мяваў, альбо прэзыдаваў”; цяпер мы б сказалі “старшыняваў”.

Дарэчы, слова прэзыдэнт у старабеларускай мове абазначала ўсяго толькі “галоўны чыноўнік мясцовасьці”, ці як яшчэ казалі, “намесьнік”, г.зн. прадстаўнік цэнтральнай улады ў рэгіёне. Калі пералічваць на сёньняшнія чыны, то гэта мінімум старшыня раённай “вэртыкалі”, ну, а максымум — губэрнатар.

Значэньне “губэрнатар” слова прэзыдэнт мела ў Ангельшчыне ў часы каляніялізму. Скажам, “прэзыдэнт Бірмы” тады значыла “губэрнатар брытанскае калёніі Бірма”. Тут узьнікаюць вельмі актуальныя алюзіі…

Ну, і калі мы ўжо спаслаліся на ангельскую мову, у якой слова прэзыдэнт мае з паўдзясятка значэньняў, то варта згадаць, што ў Злучаных Штатах прэзыдэнтамі называюць яшчэ й рэктараў унівэрсытэтаў ды коледжаў. Аднак гэты факт не штурхае прэзыдэнта Буша да прысабечваньня гэтага слова”.

Адным зь першых у цяперашняй Беларусі, хто менаваўся прэзыдэнтам, быў старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. У 1987 годзе сябры абралі яго прэзыдэнтам таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Прэзыдэнтам спадар Бяляцкі прабыў тры гады і вельмі шкадуе, што гэтага званьня зараз пазбаўленыя многія грамадзкія дзяячы. Рашэньне ўлады ён лічыць палітычным.

(Бяляцкі: ) “Тут з аднаго боку сьмешна, а з другога боку гэта паказвае ўзровень культуры нашае ўлады, у прыватнасьці, Савету Міністраў, які падпісвае такія рашэньні. Ня могучы, не маючы мажлівасьцяў вырашыць сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы, у міжнароднай палітыцы, нашыя ўлады пачынаюць гуляць у цацкі. Седзячы ў нашай дзяржаўнай пясочніцы, яны пачынаюць перабіраць назвы, пасады, думаючы, што гэта ўплывае на нашае жыцьцё. Але гэтая, здавалася б, лінгвістычная гульня можа прывесьці некаторыя няўрадавыя арганізацыі да дастаткова сур’ёзных праблемаў. Такая пасада, як прэзыдэнт, існуе ў многіх арганізацях. Напрыклад, у Беларускай асацыяцыі журналістаў, у ПЭН-цэнтры, спартовых арганізацыях. Натуральна, улады маюць мажлівасьць пры зьмене статутаў гэтых арганізацыяў зрабіць пэўныя складанасьці ў іхным жыцьці. Гэта будуць найперш тыя арганізацыі, якія, як лічаць улады, не знаходзяцца пад іхным уплывам і кантролем”.

А лінгвісты тым часам жартуюць, што калі тэндэнцыя прыватызоўваць словы захаваецца, то можа стацца, што птушкам, якія называюцца дразды, давядзецца пашукаць сабе іншага найменьня, бо гэтае слова будзе занятае пад значэньне “сядзіба прэзыдэнта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG