Ролю гіда для замежных дыпляматаў усклаў на сябе прэзыдэнт Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў архітэктар Леанід Левін. Ён правёў гасьцей ад сквэру на месцы былых габрэйскіх могілак, што на рагу вуліцаў Калектарная і Сухая, да мэмарыяльнага комплексу “Яма”. Па дарозе спадар Левін паказаў месцы, дзе калісьці разьмяшчаліся сынагогі, зачыненыя ў розныя гады. Паводле ягоных словаў, улады цяпер вельмі неахвотна ідуць на перамовы наконт таго, каб вярнуць габрэям іхныя гістарычныя каштоўнасьці. Яскравы прыклад таму — наведваньне Гістарычнай майстэрні вывучэньня гісторыі Галакосту ў Беларусі. Старэнькі будынак, які габрэйскія арганізацыі капітальна адрамантавалі з дапамогаю амбасады Нямеччыны ў Беларусі, чамусьці пераданы габрэям у арэнду на тры гады. Будынак знаходзіцца побач з былымі габрэйскімі могілкамі. Леанід Левін абураны:
(Левін: ) “Сьвятое месца ня можа здавацца ў арэнду на нейкі час, таму што гэта сьвятое месца. Сьвятая памяць мусіць быць бясконцай. Калі мы абмяжуем яе, здадзім у арэнду, дык грош нам цана”.
Невядомыя асобы намалявалі на мэмарыялу “Яма” белай алейнай фарбаю выявы фашысцкай свастыкі. Кіраўнікі габрэйскіх арганізацыяў лічаць, што акт вандалізму зьдзейсьнілі нэанацысты. Пра гэта, на іхную думку, сьведчаць і надпісы на абэліску. У пракуратуру перададзеная заява пра ўзбуджэньне крымінальнай справы.
Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гельмут Фрык, які цяпер выконвае функцыі лякальнага старшыняваньня Эўразьвязу, пасьля наведваньня мэмарыяльных мясцінаў адзначыў, што гэтая акцыя мае адмысловае значэньне.
(Фрык: ) “Гэта першая акцыя салідарнасьці ў такой форме з боку амбасадараў эўрапейскіх краінаў-сябраў Эўразьвязу ў Менску. Перш-наперш гэта была ініцыятыва амбасадара Францыі. Мы хацелі, каб як мага больш людзей у Беларусі даведаліся пра нашую салідарнасьць зь беларускімі габрэямі. І вельмі шакада, што прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня, увагу якіх на гэтую акцыю мы зьвярнулі, тут не прысутнічаюць. Я хачу адзначыць таксама, што ўсе краіны Эўразьвязу асуджаюць любыя праявы антысэмітызму надзвычай моцна”.