Анатоль Лябедзька атрымаў позву ад старшага пракурора аддзелу Пракуратуры Беларусі Станіслава Новікава. Той ужо сабраў цэлы стос папераў у справе абразы гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі на сайце www.ucpb.org.
Паводле спадара Лябедзькі, гэты сайт не належыць Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а толькі асьвятляе яе дзейнасьць разам зь іншымі палітычнамі падзеямі ў краіне. І АГП, у адрозьненьне ад пракуратуры, да яго ня мае ніякіх прэтэнзіяў.
Крымінальнымі ў пракуратуры палічылі апрача іншага некаторыя ілюстрацыі папулярных у Беларусі карыкатурных налепак, верш С.Адамовіча “Забі прэзыдэнта”, які, дарэчы, зьявіўся на зусім іншым сайце. Гэта трывожны факт, гаворыць Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Шчупальцы пракуратуры зараз усё глыбей і глыбей. Яны ўжо прайшлі празь незалежныя мас-мэдыі і выходзяць на электронныя носьбіты інфармацыі — вось у гэтым трывога. Па-другое, я думаю, што ў пракуратуры стаіць палітычная задача — знайсьці і прывязаць, што суб’ект, які утрымлівае гэты сайт — АГП, каб узбудзіць справу супраць партыі”.
Спадар Лябедзька лічыць, што пракуратура такім чынам можа паставіць пытаньне пра закрыцьцё АГП. Паводле А.Лябедзькі спадар Ноівікаў мае выразныя палітычныя перакананьні, ён трымае ў сваім службовым кабінэце партрэты Сталіна, Леніна і Лукашэнкі.
Сам пракурор Новікаў адмовіўся што-небудзь патлумачыць па сутнасьці справы:
(Новікаў: ) “Як у нас выказваюцца: “No comments”. Да пабачэньня, усяго вам добрага”.
Адзін зь лідэраў АГП вядомы юрыст Яўген Лабановіч паведаміў, што паводле закону аб СМІ ніякага перасьледу супраць інтэрнэт-выданьня быць ня можа, але ў рамках крымінальнае справы пэўныя пэрспэктывы пракуратура мае.
(Лабановіч: ) “Зараз адбываецца наступ і на незалежную прэсу, напрыклад, на “БДГ”, на “Народную волю”, на асобных журналістаў. А цяпер рэжым спрабуе ўзяць пад свой кантроль і інтэрнэт. Але тыя прабелы, якія існуюць у беларускім і міжнародным праве, што тычаць права ўласнасьці на інтэрнэт-рэсурсы, яны не даюць ніякіх падставаў для нейкіх жорсткіх дзеяньняў”.
Паводле Яўгена Лабановіча, сайт АГП ня ўтрымліваў аніякай крымінальнай інфармацыі, і таму гэтая справа ня мае ніякай юрыдычнай пэрспэктывы.