Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭРЫК ЧЭНАВЭТ: ПОГЛЯДЫ МНОГІХ ЗАХОДНІХ ПАЛІТЫКАЎ НА БЕЛАРУСКУЮ АПАЗЫЦЫЮ – НЕРЭАЛІСТЫЧНЫЯ

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Паколькі на Захадзе беларускую сытуацыю прыроўнівалі да сытуацыі ў Сэрбіі пад Мілошавічам, сп. Чэнавэт запрасіў Мільенка Дэрэта, дырэктара Сэрбскай грамадзянскай ініцыятывы, суправаджаць яго ў паездцы па Беларусі. Абодва яны наведалі Менск, Горадню, Барысаў і Жодзіна ды сустрэліся з актывістамі прадэмакратычнага руху і незалежнымі мас-мэдыямі.

На думку сп. Чэнавэта, беларускі прадэмакратычны палітычны рух і грамадзянская супольнасьць больш уражваюць, чым у свой час дэмакратычны рух Чэхіі. Ён прывёў у прыклад інтэрвію з Вацлавам Гавэлам, узятае перад развалам сацыялістычнага блёку. Гавэл сказаў тады, што зьмены ў Чэхіі немагчымыя і што людзі не мяняюцца. У Беларусі, паводле Чэнавэта, грамадзянская супольнасьць і маладзёжны рух моцна разьвітыя. Але сытуацыя ў цэлым мае сваю спэцыфіку, якая розьніць Беларусь ад, прыкладам, Сэрбіі. Яна палягае ў геаграфічным становішчы, нацыянальнай гісторыі, адсутнасьці адзінства сярод апазыцыі, і, што найбольш важна, ролі “старэйшага брата”. Захад паспрабаваў у Беларусі сэрбскі сцэнар аб’яднаньня апазыцыі і вылучэньня адзінага кандыдата. Але няўдача адзінага кандыдата на выбарах была патрактаваная як слабасьць апазыцыі. Адпаведна, падтрымка Захадам беларускіх дэмакратычных сіл і незалежных мас-мэдыяў істотна зьменшылася пасьля лета 2001 году.

На думку спадара Чэнавэта, рэакцыя Захаду мусіла быць якраз адваротнай, калі б да апазыцыі не падыходзілі зь меркамі іншых краін. Адной з памылак Захаду сп.Чэнавэт бачыць спробу аб’яднаць у апазыцыю палярныя сілы рознай вагі, ад беларускіх прадэмакратычных да прарасейскіх камуністычных партый. Змушанае вылучэньне кандыдата, непапулярнага сярод бальшыні актыўных партый, разам зь іншым і прывяло да паразы ў выбарах.

Аднак нават гэткі вынік выбараў спадар Чэнавэт ня лічыць марным. Мабілізацыйная кампанія 2001 году аб’яднала многія сілы і спрычынілася да пашырэньня грамадзянскай супольнасьці. Рэакцыяй на гэта мусіла б быць яшчэ большая падтрымка недзяржаўных ды апазыцыйных арганізацый, як гэта сталася ў Сэрбіі пасьля няўдачы пратэстаў 1997 году, а не адварочваньне ад іх. Таксама беспэрспэктыўнай і шкоднай лічыць Чэнавэт спробу ЗША паўплываць на рэжым Лукашэнкі праз Расею.

На заканчэньне спадар Чэнавэт выказаў думку, што падыход ЗША і Эўропы мусіць быць такі, які б павялічыў падтрымку грамадзянскай супольнасьці і прэсы, а рэжым Лукашэнкі надалей трымаў у палітычнай і дыпляматычнай ізаляцыі. Даўгажыцьце рэжыму, сказаў ён, ня мусіць быць узнагароджанае легітымізацыяй яго.
XS
SM
MD
LG