Гэтым разам беларуская дыяспара мела за мэту парэкамэндаваць напрамкі канкрэтнай падтрымкі дэмакратычных інстытуцый у Беларусі перад будучымі парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі. Прадстаўнікі беларускіх арганізацый таксама заклікалі Дзярждэп узяць жорсткую пазыцыю непрызнаньня магчымага рэфэрэндуму, які б дазволіў страту Беларусьсю незалежнасьці і працяг прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі.
Беларускія прадстаўнікі выказаліся за павелічэньне падтрымкі незалежным мас-мэдыям, такім як Радыё Рацыя, газэтам “Пагоня”, “Наша Ніва”, часопісу “Архэ” ды іншым. Супрацоўнікам Дзярждэпартамэнту быў перададзены сьпіс арганізацый і ініцыятыў, якія, на думку беларускай дыяспары, вартыя большай увагі і дапамогі за сваю пасьлядоўную прадэмакратычную нацыянальную пазыцыю і арыентацыю на лібэральныя каштоўнасьці захаду.
Яшчэ адным важным аспэктам сустрэчы было абмеркаваньне цяперашніх і будучых падыходаў ЗША да сытуацыі ў Беларусі. Ранейшая палітыка пакрокавых зьмен ня мела асаблівага посьпеху, як прызнаў спадар Пайфар. Эканамічныя рэформы не пасунуліся, а дэмакратычныя адкаціліся назад. Таму ЗША зараз паспрабуюць паўплываць на сытуацыю ня толькі праз ранейшыя дыпляматычныя і палітычныя мэханізмы, але і праз непасрэдных суседзяў Беларусі. Аднак уплыў на рэжым праз афіцыйную Расею быў скрытыкаваны прадстаўнікамі дыяспары як палітычна і псыхалягічна шкодны.
У цэлым удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца праз выбарчы працэс, у выніку росту і сталеньня грамадзянскай супольнасьці і палітычных апазыцыйных сіл. Таму асноўная дапамога ЗША будзе менавіта ў гэтым кірунку.