Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦОЎНЫ ДЗЕНЬ НА ПОЛАЦКІМ КІРМАШЫ Ў ВІЦЕБСКУ ПАЧАЎСЯ СА СТЫХІЙНАГА МІТЫНГУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Браніслава Станкевіч, Полацак

Завадатарамі стыхійнага мітынгу на Полацкім кірмашы сталіся сёньня гандляры харчовых тавараў. Гэта ў асноўным дзеля вырашэньня іхных праблемаў актывісты прафсаюзу “Пэрспэктыва” запрасілі на кірмаш прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў.

Галоўным чынам прадпрымальнікі скардзіліся на невыносныя ўмовамі працы ў плястыкавых павілёнах: два гады таму, калі будаўніцтва павілёнаў толькі пачыналася, прадпрымальніку гвалтам прымушалі арэндаваць менавіта гэтыя працоўныя месцы, абяцаючы звышкамфортныя ўмовы для іхнага гандлю…

Абяцаньні аказаліся марныя: хаця арэнда працоўнага месца тут у два разы вышэйшая як на звычайных шэрагах, узімку гандляры мерзнуць, а ўлетку тэмпэратура паветра ў такім павілёне сягае за 50 градусаў гарачыні. Летась тут проста на працоўным месцы памерла прадпрымальніца, і ўжо сёлета колькі разоў выклікалі “хуткую дапамогу”, аднак дырэктарка кірмашу Марына Драздова адмаўляецца выдаткаваць сродкі нават не на кандыцыянэры, а хаця б на навесы дзеля зацяненьня ад сонца. Прадпрымальнікі кажуць, што цяпер адказных за іхнае здароўе проста ня знойдзеш.

(Прадпрымальніца: ) “Нехта ж ёсьць, хто прыдумаў гэты дах! Пад ім нават пакупнікі імкнуцца не затрымліваюцца — схапілі й пабеглі. І толькі спачуваюць: “Як вы тут стаіцё! Як вы тут стаіцё!” А куды нам адсюль падзецца???”

Тым часам як шараговыя прадпрымальнікі абмяркоўвалі свае праблемы ля будынку адміністрацыі, ды чакалі выхаду прадстаўнікоў уладаў, у дырэктарскім кабінэце ішлі перамовы. У іх узялі ўдзел начальнік абласнога Дэпартамэнту прадпрымальніцтва ды прадстаўніца аддзела гандлю гарвыканкаму з аднаго боку ды прафсаюзнае кіраўніцтва з другога. Перамовы доўжыліся гадзіну, пасьля чаго чыноўнікі пасядалі ў машыны ды хутка ад’ехалі, так і не пажадаўшы размаўляць з натоўпам абураных прадпрымальнікаў. Арганізатары таксама засталіся незадаволенымі вынікамі гэтае сустрэчы. Гаворыць намесьнік кіраўніка віцебскае “Пэрспэктывы” Барыс Элькін:

(Элькін: ) “Не зьявіліся прадстаўнікі аблспажыўсаюзу, праігнараваўшы нашае запрашэньне. І дырэкцыя рынку ні на адно нашае пытаньне не адказала. Увогуле нам ніхто нічога не адказаў: усе абмеркаваньні перарасталі ў спрэчкі, у лаянку… падобна, ім проста няма нам чаго сказаць. Проста няма чаго сказаць”.

Самым бліжэйшым часам актывісты прафсаюзу “Пэрспэктыва” плянуюць ужо без дапамогі чыноўнікаў зьвярнуцца ў міліцыю для праверкі дзейнасьці рынкавых кантралёраў, за якімі заўважанае хабарніцтва. А таксама запатрабаваць праверкі працы дырэктаркі рынку ды ейных намесьнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG