Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОДНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЗАМІНАЕ ЎЛАДАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Больш за 400 тысячаў подпісаў грамадзянаў Беларусі разьлічваюць сабраць арганізатары кампаніі “За справядлівыя выбары”, якая мае на мэце зрабіць Выбарчы кодэкс Беларусі больш дэмакратычным. Пра пачатак гэтай кампаніі абвесьцілі 29 траўня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі сябры аргкамітэту грамадзкага руху “За годнае жыцьцё”.

Збор подпісаў плянуецца правесьці за лета, каб да восеньскай сэсіі Нацыянальнага сходу стварыць лепшыя ўмовы для ўключэньня пытаньня пра зьмены заканадаўства ў парадак дня. Арганізатары сьцьвярджаюць, што ўжо падабраныя людзі, якія зоймуцца зборам подпісаў у гарадах і рэгіёнах Беларусі. Разьлічваюць яны таксама і на дабрахвотнікаў, якія далучацца падчас кампаніі. Подпісы плянуецца зьбіраць як на вуліцах, гэтак і па мэтодзе “ад дзьвярэй да дзьвярэй”. Узор звароту грамадзянаў у падтрымку зьменаў Выбарчага кодэксу, пад якім будуць зьбірацца подпісы, ужо распрацаваны.

Паводле юрыстаў, працэдура збору подпісаў не патрабуе дазволу ўладаў і ня можа быць спыненая інакш як праз парушэньне закону.

Дарэчы, сябры аргкамітэту “За годнае жыцьцё” паведамілі пра пашырэньне ціску на іх з боку ўладных і праваахоўчых органаў. У прыватнасьці, у дзяржаўным друку зьявіліся матэрыялы пра Ўладзімера Парфяновіча і Валера Фралова, якія расцэненыя імі як правакацыйныя.

Дэпутат Сяргей Скрабец, на якога была заведзеная крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў арганізацыі злачыннай групоўкі, заявіў, што група “Рэспубліка” будзе абараняцца ад незаконнага ціску шляхам пашырэньня сваіх шэрагаў. У тым ліку дэпутаты групы заклікалі далучацца да супольнай працы дэпутатаў абласных, гарадзкіх і раённых Саветаў, якія падзяляюць іхныя погляды.

(Скрабец: ) “Гэта ня толькі нашая ініцыятыва — аб’яднацца, а ініцыятыва зьнізу. І тыя лісты, якія мы атрымоўваем як дэпутаты, гэта пацьвярджаюць. Днямі я атрымаў ліст адной жанчыны, вельмі эмацыйны, яна кажа, што далей так жыць нельга і піша, што таксама баіцца — і за сябе, і за сваіх дзяцей, але што трэба па кроплі выціскаць зь сябе нявольніка”.

Казаў кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец, які лічыць, што новую ўладу для Беларусі могуць забясьпечыць толькі выбары паводле зьмененага ў лепшы бок Выбарчага кодэксу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG