Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТЛАНА КАЛІНКІНА: “КАЛІ МЫ СТАЛІ ПІСАЦЬ ПРА ТОЕ, У КАГО ЯКІ БІЗНЭС, РЭАКЦЫЯ СТАЛА САПРАЎДЫ ХВАРАВІТАЙ”


Юры Сьвірко, Менск

Дачакаўшыся ад’езду зь Беларусі дэлегацыі рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, у той жа дзень міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны падпісаў два загады, якімі прыпыніў выданьне “Белорусской деловой газеты” і яе дадатку “БДГ. Для служебного пользования”. Артыкул 16 закону аб друку прадугледжвае магчымасьць прыпыніць выданьне на тэрмін да 3 месяцаў — Міністэрства інфармацыі скарыстала гэты тэрмін максымальна. Падставаю стала прадстаўленьне з Пракуратуры Беларусі.

Цягам трох дзён — з 20 да 22 траўня — рэдакцыя “БДГ” атрымала ад Мінінфарм’у тры папярэджаньні. Першае — за публікацыю “Барскі імідж”, якая нібыта ўводзіць чытачоў у зман і ганьбіць гонар і годнасьць прэзыдэнта, хаця гэта было толькі апытаньне на тэму: “Ці мае права Аляксандар Лукашэнка на свой погляд распараджацца самалётам кіраўніка дзяржавы?” Другое папярэджаньне газэта атрымала за матэрыял “Дзе лявонаўскія мільёны?”, у якім, паводле загаду Міністэрства інфармацыі, былі апублікаваныя матэрыялы крымінальнае справы без пісьмовага дазволу судзьдзі.

Аднак “БДГ” сьцьвярджае, што гэта быў рэпартаж з адкрытага судовага паседжаньня па справе былога дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Нарэшце, трэцяе папярэджаньне атрымала “БДГ. Для служебного пользования” за артыкул “Магічны крышталь”, дзе распавядалася, сярод іншага, пра датычнасьць генэральнага пракурора Віктара Шэймана да махінацыяў на менскім гарэлачным заводзе “Крышталь”.

Галоўная рэдактарка “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна выказала сваё меркаваньне пра сапраўдную прычыну папярэджаньняў:

(Калінкіна: ) “Зьвязана гэта з адной, досыць сур’ёзнай публікацыяй, якая рыхтавалася й рыхтуецца да выхаду — пра найвышэйшыя эшалёны ўлады. Абвастрэньне сытуацыі — у прыватнасьці, з “БДГ. Для служебного пользованія” — відавочна назіралася тады, калі мы сталі больш увагі надаваць бізнэсу кіраўнікоў нашае дзяржавы. Раней, калі мова йшла выключна пра палітыку, рэакцыя была хваравітай, але ўсё ж такі менш хваравітай. Калі мы сталі пісаць пра тое, у каго які бізнэс, рэакцыя стала сапраўды хваравітай”.

Усе папярэджаньні “БДГ” абскардзіла ў суд, але міністар інфармацыі яшчэ да судовага рашэньня падпісаў загад прыпыніць выданьне. Друкарні “Чырвоная зорка” загадалі спыніць друкаваньне чарговага нумару “БДГ”, і сёньня ён ня выйшаў.

Заснавальнік і ўладальнік “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў заявіў: “Няма сумневаў у тым, што гэта не юрыдычнае, а палітычнае рашэньне”, і дадаў:

(Марцаў: ) “Пачынаючы з 95-га году — заўважце, практычна кожны год — недзяржаўная й дзяржаўная прэса атрымлівалі ўдары. Я проста каротка нагадаю: 95-ы год — пазбаўленьне друкарні Дома друку некаторых газэтаў. 96-ы год — скасаваньне дамовы на распаўсюджваньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 96–97-ы год — забарона “БДГ” друкавацца на тэрыторыі Р.Б. І гэты сьпіс, гэтая кроніка досыць доўгая, вы яе выдатна ведаеце: закрыцьцё многіх газэтаў за апошні час, асуджэньне журналістаў... Што, калі ня гэтыя факты, у цэлым ілюструюць пасьлядоўную, трэба сказаць, шчырую палітыку дзяржавы датычна свабоды друку, датычна прэсы, датычна грамадзянаў?”

Спадар Марцаў, аднак, паабяцаў, што ягоная газэта будзе выходзіць легальна найбліжэйшымі днямі, хаця заўважыў: можа, гэта будзе не зусім звычайная газэта пэўны час. Пётар Марцаў паведаміў таксама, што ня можа скантактавацца зь міністрам інфармацыі Міхаілам Падгайным, але той быў недаступны.

Спадара Падгайнага я знайшоў на працоўным месцы. Спачатку ён адмовіўся ад камэнтароў, але ў прысутнасьці тэлекамэр расейскіх тэлеканалаў сказаў:

(Падгайны: ) “Гэта ня сьмерць для газэты. Гэта па-першае. Па-другое, гэта не падстава для таго, каб сёньня панікаваць. Трэба працаваць — проста-напраста, ня трэба парушаць законы.

Я вельмі доўга — шчыра прызнаюся вам — цярпеў, і вы ведаеце мае заявы, што я найчасьцей аддаваў перавагу таму, каб запрашаць да сябе, размаўляць, тлумачыць людзям, што трэба не парушаць дзейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Але, напэўна, мае размовы, перамовы не пайшлі на карысьць, таму за тыя парушэньні, якія прайшлі апошнім часам, мы былі вымушаныя спачатку вынесьці папярэджаньне, але, паколькі гэты працэс не спыняўся, мы прыпынілі проста выхад дзьвюх газэтаў. Калі гэта будзе адбывацца зь іншымі газэтамі, мы будзем рабіць тое самае. Суд прымае рашэньне што Міністэрства інфармацыі ня мае рацыі — газэта выходзіць”.

Міхаіл Падгайны дадаў, што закрыць “Белорусскую деловую газету” ягонае ведамства яшчэ не прапаноўвала, і сёньня такое пытаньне ня ставіць, хаця, паводле міністра, праўныя падставы для гэтага ён мае. Спадар Падгайны сказаў, што папярэджаньні на адрас “БДГ” былі падрыхтаваныя яшчэ да травеньскіх сьвятаў, а цяпер сканчаўся тэрмін для іх вынясеньня.

“Белорусская деловая газета” шмат разоў мяняла сваю поўную назву — час ад часу дадаваліся словы “Биржи и банки”. Мажліва, “БДГ” скарыстаецца гэтым або досьведам газэты “Свабода”, якая выходзіла пад назвамі “Навіны” й “Наша свабода”. Міністар Падгайны да такога варыянту ставіцца нармальна:

(Падгайны: ) “Калі газэта выйдзе пад іншай зарэгістраванай назваю, значыць, гэта права газэты выходзіць, калі яна зарэгістраваная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG