Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКІ ЛІДЭР ПАТЭНТУЕ ТЫТУЛ ПРЭЗЫДЭНТА”


Ганна Соусь, Прага

Газэта параўноўвае Аляксандра Лукашэнку з дыктатарам Уганды Ідзі Амінам, які цягам свайго кіраваньня ад 1971 да 1979 гадоў меў манапольнае права на ўжываньне прэзыдэнцкага тытулу. Папраўкі да заканадаўства будуць падрыхтваныя да 1 жніўня 2003 году. Лукашэнка праз гэтую ініцыятыву, цытую брытанскае выданьне, “цэмэнтуе сваю таталітарную рэпутацыю”. Як паведамляе кіраўніца ўправы канстытуцыйнага заканадаўства, нацыянальнай бясьпекі й праваахоўчай дзейнасьці Міністэрства юстыцыі Беларусі Ганна Шпак, гэтая ідэя належыць самому Лукашэнку, ён загадаў сваёй адміністрацыі ажыцьцявіць яе.

“Guardian” цытуе былога прэсавага сакратара Лукашэнкі Аляксандра Фядуту, пакуль яшчэ прэзыдэнта цэнтру “Сацыяльныя тэхналёгіі”, які мяркуе, што заканадаўчыя папраўкі ўскладняць дзейнасьць усіх арганізацыяў, якім патрэбна будзе мяняць назвы кіраўнічых пасадаў праз перарэгістрацыю, а гэта зойме шмат часу. Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа бачыць у ініцыятыве Лукашэнкі адсутнасьць густу і мяркуе, што гэты закон яшчэ больш сапсуе імідж Беларусі ў сьвеце. “Міжнародная супольнасьць будзе сьмяяцца над намі”, – гаворыць Аляксандар Патупа. Ён прагназуе, што ў будучым Лукашэнка надасьць сябе тытул Беларусьбашы паводле прыкладу прэзыдэнта Туркмэністану Сапармурата Ніязава, які называе сябе бацькам усіх туркмэнаў.

А вось дзейная прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч назвала слушным рашэньне пра тое, што ў будучым ў Беларусі называцца прэзыдэнтам зможа толькі адзін чалавек – кіраўнік дзяржавы. Пра гэта яна заявіла БелаПАН, камэнтуючы прынятую ўрадам пастанову "Аб некаторых захадах па ўпарадкаваньні назваў пасадаў кіраўнікоў арганізацый і скарочаных найменьняў юрыдычных асобаў". Як юрыст Натальля Пяткевіч лічыць, што новаўвядзеньне ўраду — гэта слушнае рашэньне з пункту гледжаньня забесьпячэньня "чысьціні нарматыўна-прававой лексыкі і нарматыўна-прававых стандартаў". Што тычыцца сусьветнага вопыту ў гэтай сфэры, то, паводле словаў прэсавай сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі, прынятае ўрадам рашэньне — гэта ўнутраная справа краіны. А вось кіраўніца дэлегацыі рабочай групы ў справах Беларусі Парляманцкай Асамблеі АБСЭ Ута Цапф пракамэнтавала ўчора гэтае рашэньне наступным чынам. “Гэта выглядае, нібы вы зьбіраецеся мець тут караля ў наступны раз. Што, імя Лукашэнкі будзе друкавацца вялікімі літарамі ў афіцыйных газэтах? Але ж вельмі падобна на тое, таму мая прапанова – зрабіце яго каралём, і ўсе іншыя могуць быць прэзыдэнтамі”, – сказала Ута Цапф.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG