На адмысловай прэсавай канфэрэнцыі журналісты настойліва пыталіся ў Алеся Пашкевіча, хто непасрэдна прымаў рашэньне пра намінантаў гэтай прэміі. Старшыня спаслаўся на кіраўніцтва Саюзу:
(Пашкевіч: ) “Сакратарыят Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. На сёньня сакратарыят — гэта старшыня і чатыры намесьнікі: першы намесьнік Барыс Пятровіч, а таксама Кудравец Анатоль Паўлавіч, Акулін Эдуард Аляксандравіч і Скобла Міхась Уладзімеравіч”.
Аднак намесьнік Пашкевіча Эдуард Акулін цьвердзіць, што ён нічога ня ведае.
(Акулін: ) “Я магу заявіць, што ніякага сумеснага, калегіяльнага рашэньня сакратарыяту ў справе вылучэньня на прэмію Саюзнай дзяржавы ў нас не было. Я асабіста ўпершыню даведаўся, што я таксама нібыта маю дачыненьне да прыняцьця такога рашэньня. Я магу заявіць, што я не прысутнічаў ні пры якіх абмеркаваньнях”.
Нічога ня ведаў пра вылучэньне намінантаў і яшчэ адзін намесьнік Пашкевіча — Міхась Скобла.
Алесь Пашкевіч патлумачыў журналістам, чаму абмеркаваньне прэтэндэнтаў на прэміі не адбывалася на паседжаньні Рады Саюзу пісьменьнікаў. Яна, маўляў, зьбіраеца прыкладна раз на паўгода, а тут давялося прымаць тэрміновае рашэньне, бо запыт Міністэрства культуры прыйшоў вельмі позна.
Я пацікавіўся ў старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ці паўплывалі на выбар намінантаў палітычныя погляды прэтэндэнтаў. І вось ягонае тлумачэньне:
(Пашкевіч: ) “Гэта прэмія не палітычная, гэта прэмія літаратурная. Таму, канечне, найперш, з грамадзкага рэзанансу зыходзілі, з запатрабаванасьці і сымбалічнасьці гэнай прэміі”.
Цікава, што з расейскага боку намінантамі вылучаныя пісьменьнікі, чые палітычныя сымпатыі добра вядомыя — гэта Ўладзімер Бандарэнка і Ўладзімер Карпаў. Абодва прытрымліваюцца ідэяў панславізму, усхваляюць савецкае мінулае.
З кулюараў пісьменьніцкай арганізацыі стала вядома, што асобным творцам былі прапановы намінавацца, але яны катэгарычна адмовіліся ад гэтага гонару. Праўда, іхныя прозьвішчы спадар Пашкевіч на прэсавай канфэрэнцыі адмовіўся назваць, спаслаўшыся на тое, што ня мае права гэта рабіць бязь іхнае згоды.