Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЎНЫ ВІНЭГРЭТ БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ


Ігар Карней, Менск

Яшчэ колькі гадоў таму нацыянальна-арыентаваныя беларусы, нават тыя, хто абыякава ставіліся да спорту, адмыслова пераключаліся на БТ, каб паслухаць рэпартажы Ўладзімера Навіцкага. Дзякуючы мове, ён і набыў вядомасьць; распрацаваў адмысловую спартовую тэрміналёгію, увёў у зварот адметнасьці кшталту “брамка”, “пісьменная гульня”, “мяч трапляе ў бэльку” і г.д. Спадар Навіцкі станавіўся ледзь не героем-адраджэнцам. Узгадваю адну з апазыцыйных дэманстрацыяў, калі натоўп ішоў да БТ на вуліцы Камуністычнай; убачыўшы ў вакне сівую галаву Навіцкага, гучна яго віталі — як свайго. Цяпер жа ягонае прозьвішча асацыюецца з прыстасаванствам, калябарацыяй. Але справа, натуральна, не ў спадары Навіцкім.

Справа ў агульным падыходзе да мовы эфіру нацыянальнага радыё і тэлебачаньня.

На Першым нацыянальным тэлеканале вядучыя і карэспандэнты галоўнай інфармацыйнай праграмы “Панарама” апошнім часам з расейскамоўнымі суразмоўцамі пераходзяць на расейскую мову. Праграма зь беларускамоўнай стала дзьвюхмоўнай. Выпускі навінаў, рэпартажы зь месцаў падзеяў вядуцца ў бальшыні сваёй па-расейску. І ніякавата выглядаюць беларусы, якія не падладжваюцца пад журналістаў, а гавораць на роднай мове.

Камэнтатар дзяржаўнага тэлебачаньня ва ўмовах афіцыйнага дзьвюхмоўя ня вольны ў выбары мовы, на якой ён будзе весьці перадачу. Тэлежурналісты распавядаюць, што ў кожным асобным выпадку цягам апошніх гадоў камэнтатарам рэкамэндуюць (а гэта тое самае, што загадваюць), якую мову ў кожным канкрэтным выпадку выкарыстоўваць.

Крыніцы з будынку на Макаёнка, 9 распавядаюць, што старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, які прынцыпова гаворыць толькі па-расейску, загадаў камэнтатарам весьці рэпартажы гэтаксама па-расейску. У выніку ад чысьціні эфірнай мовы таго ж Навіцкага нічога не засталося. Калі ён камэнтуе па-беларуску, гучаць расейскія словы, калі па-расейску — беларускія. А ўвогуле і свае тэрміны ўжо стаў кавэркаць.

Тое ж можна сказаць і яшчэ пра некалькіх вядучых, якія колісь добра валодалі беларускай мовай. Думаю, са мной пагодзяцца аматары спорту, якія назіралі па БТ за хадой апошняга чэмпіянату сьвету ў біятлёне ў Ханты-Мансійску, дзе кіраўніцтва кампаніі загадала адную трансьляцыю весьці па-беларуску, другую — па-расейску. У выніку атрымаўся моўны вінэгрэт з характэрным смакам таннай сталоўкі. А з апошняга хакейнага чэмпіянату сьвету ў Фінляндыі ўжо ўсе рэпартажы Ўладзімер Навіцкі вёў па-расейску.

І вось самая сьвежая навіна. Учорашняй начы ўпершыню ў гісторыі БТ распачало наўпроставыя трансьляцыі фінальных матчаў Кубку Стэнлі ў Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе гуляе беларус Руслан Салей — натуральна, па-расейску. Выглядае, што такім чынам забіваецца апошні цьвік у труну сапраўды беларускага тэлебачаньня.

Але варыянты, пры якіх беларускія вядучыя загавораць па-беларуску, застаюцца. У гэтым сэнсе варта прыгадаць мінулагодні футбольны чэмпіянат сьвету ў Японіі і Карэі. Уладальнікі правоў на трансьляцыю матчаў прадавалі правы на паказ матчаў толькі пры ўмове, што яны будуць весьціся на нацыянальнай мове. У дадзеным выпадку — па-беларуску.

Пакуль найбольш актыўна рэагуе на праблему русіфікацыі беларускага тэлебачаньня Таварыства Беларускай мовы імя Ф.Скарыны, якое вядзе ліставаньне зь кіраўніцтвам Перашага Нацыянальнага каналу, ОНТ і СТВ ужо дастаткова даўно. Так бы мовіць, “пэтыцыі” на імя Рыбакова, Кісяля і Зімоўскага ідуць няспынна.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў лічыць, што гэта — найлепшы спосаб акцэнтаваць увагу на тым, што сама назва “беларускае тэлебачаньне” пераўтвараецца ў прафанацыю ідэі.

Таму ТБМ заклікае нацыянальна сьвядомых людзей гэтаксама далучацца да акцыяў “пісьмовых пратэстаў” і дасылаць лісты ня толькі на адрэсы тэлекампаніяў, але й старшыні Канстытуцыйнага суда Васілевічу, генэральнаму пракурору Шэйману з тым, што парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзянаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG