Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫТУАЦЫЯ Ў НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ГУМАНІТАРНЫМ ЛІЦЭІ ІМЯ Я.КОЛАСА АБВАСТРЫЛАСЯ: ПРЫЙШЛА НОВАЯ ДЫРЭКТАРКА


Любоў Лунёва, Менск

На загад міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна на пасаду дырэктара ліцэя прызначана Тамара Шчэрбачэвіч. Яна наведала ліцэй і паведаміла, што з 29 траўня прыступіць да працы. На заўвагу, што яна не валодае беларускай мовай, Тамара Шчэрбачэвіч спаслалася на закон аб дзьвюхмоўі.

Дырэктару ліцэя Ўладзімеру Коласу дазволілі працаваць у якасьці намесьніка дырэктара. Вось, як ён сам пракамэнтаваў гэта для Радыё Свабода.

(Колас: ) “Я папярэдзіў кіраўніцтва міністэрства і заявіў гэтай асобе і пэдагагічнаму калектыву, што, калі, сапраўды, такім чынам будзе прызначаны чалавек на пасаду дырэктра і выконваць абавязкі ў кіраваньні ліцэем, як гэта ад пачатку заснаваньня рабіў я, то я са сваёй пасады сыходжу. Але тым ня менш, калі калектыў выкажыцца, што я задавальняю калектыў і выкажыцца, што жадае, каб я й надалей яго ўзначальваў, то я буду заставацца, пакуль гэта фізычна будзе магчыма, і буду выконваць гэтыя абавязкі”.

Новую дырэктарку не засмуціла нават і тое, што пэдагагічны калектыў выказаўся, што не жадае працаваць пад яе кіраўніцтвам. Бацькі ліцэістаў запрасілі Тамару Шчэрбачэвіч на свой бацькоўскі сход. Тая праігнаравала запрашэньне. Бацькі прынялі зварот у форме ўльтыматуму да дырэктаркі і ў Міністэрства адукацыі.

Ліцэісты настроеныя вельмі рашуча. Гаворыць Глеб, студэнт 3 курса:

(Глеб: ) “Мы страшэнна абураныя тым, што адбываецца! І раней былі “наезды”, але такіх, як зараз не было. Мы згодныя выйсьці на страйк, мы згодныя зьбіраць подпісы, зьвяртацца куды-небудзь — толькі каб абараніць ліцэй! Мы думаем, што, калі разгоняць ліцэй, калі прыйдзе новае кіраўніцтва, то нам давядзецца разыйсьціся па школках. Але мы зараз не гатовыя да таго, каб выйсьці з гэтага псыхалягічнага клімату, з гэтай беларускасьці. Мы ня ведаем, што будзе далей”.

29 траўня ліцэісты маюць намер сабрацца ля кабінэта дырэктара і выказаць свой пратэст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG