Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ПАСТУХОЎ: “ПАЧАЛАСЯ ВАЙНА НА ЗЬНІШЧЭНЬНЕ САМЫХ БУЙНЫХ НЕЗАЛЕЖНЫХ ВЫДАНЬНЯЎ”


Юры Дракахруст, Прага

Некалькі гадоў таму экспэрты назвалі “БДГ” у ліку дваццаці самых аўтарытэтных мэдыяў у СНД. Акрамя “БДГ” у дваццатку не патрапіла тады ніводнае іншае беларускае выданьне – дзяржаўнае ці незалежнае.

“БДГ” здолела заваяваць гэтыя пазыцыі ў надзвычай неспрыяльных умовах: яе і адлучалі ад дзяржаўных друкарняў (некалькі гадоў газэта друкавалася ў Вільні) , і забаранялі яе распаўсюд празь Дзяржкамдрук, цяжка нават падлічыць колькасьць папярэджаньняў, штрафаў, накладзеных на выданьне.

У розныя часы на старонках “БДГ” друкаваліся зоркі айчыннай журналістыкі Ірына Халіп, Аляксандар Фядута, Павал Шарамет, Віктар Дзятліковіч і іншыя.

Незалежная пазыцыя газэты раздражняла ўладу, магчыма, больш, чым наўпроставыя выпады. Ціск на “Белорусскую деловую газету”, спробы пазбавіць яе магчымасьці выхаду ляжаць цалкам у рэчышчы іншых крокаў уладаў па падаўленьні свабоды слова ў краіне. Прычым у дадзеным выпадку ўдар нанесены па выданьні, якое было крыніцай інфармацыі і аналітыкі для людзей, што прымаюць рашэньні ў Беларусі і за яе межамі.

Варта адзначыць, што рашэньне наконт БДГ было прынятае акурат на наступны дзень пасьля візыту ў Беларусь дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Гаворыць кіраўнік цэнтру БАЖ праўнай абароны журналістаў Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: )“У практыцы дзейнасьці Міністэрства інфармацыі гэта другі выпадак, калі прымаецца рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці рэдакцыі на загад міністра. “Белорусская деловая газета” на сёньняшні час ёсьць, бадай, самай прафэсійнай, элітнай газэтай, якой карыстаюцца ў асноўным інтэлектуалы. “Белорусская деловая газета” была флагманам, на мой погляд, незалежнай прэсы Беларусі. Улады перайшлі ўсялякія межы дапушчальнага, яны адкрылі агонь з па самым вядомым незалежным выданьні. Пачалася вайна на зьнішчэньне самых буйных незалежных выданьняў. Адбываецца адкрытая інфармацыйная зачыстка. Фактычна Міністэрства інфармацыі, якое павінна забясьпечваць правы ўсіх выданьняў, яно выступае ў ролі ката”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG