Сёньняшняе судовае паседжаньне ў справе ліквідацыі агенцтва “Варута” было другім па ліку. У першы раз суд задаволіў хадайніцтва прадстаўнікоў “Варуты” аб запыце ва ўправу адзінага дзяржаўнага рэгістра і перанёс разгляд справы. Менавіта няправільнае ўжываньне назвы на пячатцы “Варуты” і было пастаўленае ў віну грамадзкаму аб’яднаньню абласной управай юстыцыі. Акрамя гэтага знайшліся і шэраг іншых падставаў: згадка ў інфармацыйным бюлетэні пра незарэгістраваную арганізацыю, ужываньне незарэгістраванай сымболікі.
Сёньня ж хадайніцтва аб прыпыненьні разгляду справы заявіў прадстаўнік абл’юсту спадар Дзядкоў. Паводле яго заявы, Міністэрству юстыцыі неабходна дадаткова вывучыць усе заўвагі, што выносіліся “Варуце” на працягу году і зрабіць дакладнае заключэньне. Гэтае хадайніцтва суд задаволіў і прыпыніў разгляд справы на няпэўны час.
Старшыня Рады агенцтва “Варута” Ігар Тышкевіч мяркуе, што пэўную ролю ў такім разьвіцьці падзей адыгралі заявы беларускіх і міжнародных арганізацый у падтрымку “Варуты” і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, што апынуліся на мяжы ліквідацыі.