Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЙШЛІ ЛІТАРАТУРНЫЯ ЧЫТАНЬНІ, ПРЫСЬВЕЧАНЫЯ 100-ГОДЗЬДЗЮ ПАЭТА ТОДАРА КЛЯШТОРНАГА


Валянціна Аксак, Менск

Застрэлены 34-гадовы паэт пакінуў па сабе пяць лірычных зборнікаў, якія на шчасьце, ацалелі ў архівах. І сёньня яны складаюць той том беларускае паэтычнае бібліятэкі, які ніколі ня страціць сваёй прыцягальнае красы. Але, на жаль, Твораў Кляшторнага сёньня ня знойдзеш у кнігарнях і бібліятэках. Заплянаваная да 100-годзьдзя кніга “Сьляды дарог” выдадзеная, але ляжыць у друкарні пад арыштам фіскальных органаў.

Да гэтага часу паэтычная краса Тодара Кляшторнага не ацэненая належна і не асэнсаваная да канца і дасьледнікамі. Пра гэта гаварыў акадэмік Міхась Мушынскі. Апантанасьці ў гэтай справе прафэсіяналы могуць павучыцца ў хіміка па спэцыяльнасьці, але ў дасьведчанай знаўцы беларускае паэзіі па прызваньні Алесі Бабарэкі з Масквы. Яна, дачка таксама забітага энкавэдыстамі беларускага паэта Адама Бабарэкі, ніколі не пакідала вывучаць творчую спадчыну бацькі і ягоных зьнішчаных сяброў-паэтаў.

(Бабарэка: ) “Корпаючыся ў ксэракопіях бацькавых рукапісаў — арыгіналы ўсе я здала ў Дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва — я натрапіла на нататкі “Тодар Кляшторны. Сьветацені”. І я адразу загарэлася, што бацька аб ім так добра распавядаў, і трэба мне зрабіць ад імя бацькі даклад на гэтых чытаньнях па тэме, як і напісана ў бацькі “Тодар Кляшторны. Сьветацені”. І я прыехала ў Менск…”

Алесі Бабарэцы было ў час масавага зьнішчэньня беларускіх літаратаў 9 гадоў, а старэйшай дачцэ Тодара Кляшторнага Тадзіяне — толькі 6. Але яна добра запомніла апошнюю сустрэчу з бацькам у турме.

(Кляшторная: ) “Адзін раз толькі праз знаёмага сьледчага дазволілі маці наведаць яго. Узяла яна тады і мяне з сабою. І вось памятаю, як зараз, — мне тады было 6 гадоў — зайшлі мы і бацька прыйшоў, нейкі сьледчы яго прывёў. Я яго не пазнала — твар быў у крывападцёках, ніводнага гузіка, такі зарослы валасамі, бледны… Маці гаворыць: што з табой здарылася? Чаму ты такі? А ён кажа: не хвалюйся, хутка прыйдзе час і я выйду адсюль…”

Запомніла Тадзіяна і свой першы дзіцячы вершык, складзены з бацькавай дапамогаю:

(Кляшторная: )

“Зызы-зызы, зыза-за
Праляцела страказа
Над зялёненькім лужком,
Прывітаўшыся з жучком.

Вось такі верш. На ўсё жыцьцё ён застаўся ў памяці…”

Дзесяць гадоў дочкі Тодара Кляшторнага Тадзіяна і Мая стваралі на радзіме бацькі — на Лепельшчыне — музэй. Сёлета ён адчыніўся. Але яны мараць дажыць да тага часу, калі адным вялікім мэмарыялам усім расстраляным беларускім пісьменьнікам стане ўрочышча Курапаты, у якім, напэўна, застаўся навечна і Тодар Кляшторны. Паэтаў яшчэ чакае слава, а іхных забойцаў — Божы суд. Пра гэта напісала Тадзіяна Кляшторная ў сваім вершы, прысьвечаным стагодзьдзю бацькі.

(Кляшторная: )

“…А тыя, хто паэтаў так зьнішчалі,
Жыцьця спаганіўшы сваю мяжу,
Спакойна спалі, па зямлі гулялі.
Судзі іх, Бог, а я іх не суджу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG