Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС ІТАЛІІ ЛІЧЫЦЬ БЕЛАРУСЬ НЕАД’ЕМНАЙ ЧАСТКАЮ ЭЎРОПЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Генэральны дырэктар МЗС Італіі ў справе Ўсходняй Эўропы Лука Біялата, ганаровы старшыня Дзржаўнае рады гэтай краіны Луіджы Віторыё Фэрарыс і прафэсар палітэканоміі рымскага ўнівэрсытэту Чэзаре Імбрыянэ ўдзельнічалі ў сэмінары, які праводзіў факультэт міжнародных зносінаў Белдзяржунівэрсытэту.

Паводле Лукі Біялата, працэс пашырэньня Эўразьвязу, у тым ліку і коштам уключэньня ў яго некаторых былых краінаў сацыялістычнага блёку быў цяжкім і складаным. Што да магчымага далучэньня ў будучыні да Эўразьвязу Беларусі спадар Біялата сказаў:

(Біялата: ) “Ніхто дагэтуль канчаткова ня вызначыў, якія межы будзе мець Эўрапейскі Зьвяз у будучыні — гэтае пытаньне адкрытае, але ўдзел у працэсе інтэграцыі такіх краінаў як Беларусь будзе толькі вітацца. Я без усялякага сумневу і ваганьняў заяўляю, што мы разглядаем Беларусь як безумоўную частку эўрапейскай сям’і. Але ў нас ёсьць права сказаць, што мы будзем настроеныя больш да супрацоўніцтва, калі вы будзеце да нас бліжэй у базавых канцэпцыях дзяржавы”.

Генэральны дырэктар італьянскага МЗС у справе Ўсходняй Эўропы лічыць, што на беларускі рынак павінен прыйсьці італьянскі капітал, каб зраўняцца хаця б з капіталам нямецкім. Пра гэта Лука Біялата гаварыў падчас сустрэчы з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Аляксандрам Міхневічам.

Праўда гэта ня значыць, што італьянскія бізнэсоўцы будуць інвэставаць у беларускую эканоміку, ня гледзячы на рызыку панесьці страты. Прафэсар палітэканоміі рымскага ўнівэрсытэту Чэзарэ Імбрыянэ лічыць, што прадпрымальнікі зь ягонай краіны будуць інвэставаць у Беларусь толькі калі будуць пэўныя, што беларускія законы рынкавыя.

Пры гэтым усе ўдзельнікі круглага стала падкрэсьлілі, што ў Беларусі ёсьць шанцы стаць часткаю аб’яднанай Эўропы, калі яна будзе падзяляць дэмакратычныя прынцыпы Эўразьвязу і выконваць патрабаваньні для кандыдатаў у сябры гэтай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG