Зьезд, на якім прысутнічала 267 дэгегатаў ад 11-ці прамысловых прадпрыемстваў, нагадваў хутчэй заводзкую плянэрку: найважнейшыя пытаньні парадку дня разгледзелі літаральна за гадзіну. У сваёй уступнай прамове Леанід Козік заявіў пра важнасьць і неабходнасьць стварэньня новага буйнога прафсаюзу, які мог бы весьці дыялёг з урадам. Таксама старшыня ФПБ абвінаваціў незалежныя прафсаюзы ў захапленьні палітыкаю і перашкодах для нармальнай працы.
(Козік: ) “Заўсёдныя скаргі ў МАП зь любой нагоды. Але нічога ў іх ня выйдзе. Нас падтрымлівае Ўсясьветная фэдэрацыя прафсаюзаў — гэта 130 краінаў і 127 мільёнаў сябраў прафсаюзаў, Усеагульная канфэдэрацыя прафсаюзаў, прафсаюзы СНД, Эўропы ды іншых кантынэнтаў. Усе, хто за сапраўдную прафсаюзную працу і прафсаюзную салідарнасьць”.
Старшынём новага прафсаюза быў адзінагалосна абраны Вадзім Фёдараў, які раней узначальваў Раду Рэгіянальнага прафсаюза “Інтэграл” — адзіны кандыдат на гэтую пасаду. Як прызнаўся сам спадар Фёдараў, спачатку ён скептычна паставіўся да ідэі стварэньня прафсаюзу прамыславікоў, аднак потым вырашыў далучыцца да справы, бо яна сур’ёзная.
(Фёдараў: ) “Я не адкрыю Амэрыкі, але наш новы прафсаюз ствараецца, і трэба зірнуць на яго новымі вачыма. Гэты прафсаюз скіраваны на выкананьне работ паводле жаданьняў кожнага чальца прафсаюза, кожнага працаўніка вашага прадпрыемства. І грамадзкая арганізацыя ў асобе прафсаюзу бярэ на сябе частку гэтых работ: аказаньне матэрыяльнай дапамогі, арганізацыя адпачынкаў ды іншыя пытаньні. Паверце, калі б прафсаюз гэтага не рабіў, вам бы давялося трымаць дадатковы штат”.
Паміж абмеркаваньнем пытаньняў парадку дня старшыня ФПБ Леанід Козік заявіў, што цяпер ФПБ стала мацнейшай на 100 тысячаў чалавек і застаецца толькі далучыць да фэдэрацыі незалежныя прафсаюзы, каб можна было “дружна працаваць”.
Тым часам старшыня Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, камэнтуючы вынікі зьезду заявіў, што новы прафсаюз ня можа быць эфэктыўнай арганізацыяй, бо створаны па ініцыятыве зьверху, насуперак інтарэсам працоўных.
(Фядыніч: ) “Калі гэты прафсаюз патрэбны ўладам, то ці патрэбны ён працоўнай клясе? Каго ён будзе абараняць? Ці ён будзе паказваць, у якім напрамку рухацца далей працоўнаму? Ня будзе ён ніколі створаны для ягоных інтарэсаў і нічога ня будзе працаваць, калі гэта такая “прынудзілаўка”.
Лідэр Свабоднага прафсаюза Беларусі Генадзь Быкаў гаворыць, што шляхам стварэньня новага буйнога прафсаюза Козік хоча пазбавіцца ад унутранай апазыцыі ў ФПБ — выбіць глебу з-пад ног у таго ж Генадзя Фядыніча, а таксама ў старшыні Беларускага прафсаюза сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандра Бухвостава. На думку спадара Быкава, гэтыя два галіновых прафсаюзы ў выніку могуць застацца арганізацыямі без адзінага сябра, бо ўсе прадпрыемствы пад прымусам пяройдуць у прафсаюз прамыславікоў.
Старшыня Беларускага прафсаюзу работнікакў аўтатрактарнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў даў зьезду ляканічны камэнтар: “жоўтыя” прафсаюзы могуць аб’ядноўвацца, як хочуць.