Леанід Калугін па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым ні па аднаму з прад’ўленых абвінавачваньняў, у тым ліку і адносна нямэтавага выкарыстаньня золата і срэбра. Нагадаю, у справе фігуруюць 210 кіляграмаў срэбра і каля 200 грамаў сусальнага золата, якія былі набытыя на грошы “Атланта”, але выкарыстаныя не на вытворчыя мэты. Сусальным золатам быў пакрыты купал царквы, якая пабудаваная на тэрыторыі “Атланта”, а срэбра пайшло на адліўку царкоўных званоў.
Сьледзтва лічыць, што былы дырэктар заводу лядоўняў парушыў закон, калі праводзіў апэрацыі з каштоўнымі мэталамі. Але Леанід Калугін спаслаўся ў судзе на Раду акцыянэрнага таварыства “Атлант”, якая вырашыла будаваць царкву за кошт прадпрыемства. Будоўлю царквы і яе аздабленьне экс-дырэктар назваў “богампахвальнай справай”. Аднак у судзе было высьветлена, што апэрацыі з золатам праводзіліся ўсё ж без адпаведнай ліцэнзіі.
Пасьля допыту Леаніда Калугіна суд пачаў дыпытваць сьведак. У тым ліку былі заслуханыя паказаньні былой галоўнай бухгалтаркі “Атланту” Кацярыны Шышаковай, чый подпіс таксама стаіць на большасьці загадаў Леаніда Калугіна пра выкарыстаньне грашовых сродкаў.
Найбольш пытаньняў да сьведкі тычыліся выкананьня заводам вядомага указа №311. Патлумачу, што гэтым указам Аляксандра Лукашэнкі беларускія прадпрыемствы забавязваліся цягам пяці дзён прадаваць дзяржаве ня менш як 30% заробленай валюты. “Атлант” большасьць сваёй валюты зарабляе у Расеі і таму мусіў прадаваць дзяржаве таксама і траціну расейскіх рублёў. Але у 1998 годзе пасьля дэфолту у Расеі там рэзка пагоршыліся ўмовы працы. Эканамісты “Атланта” падлічылі, што калі завод будзе прадаваць 30% сваёй валютнай выручкі, то з-за недахопу абаротных сродкаў праца прыдпрыемства спыніцца.
Леанід Калугін тады зьвярнуўся ва ўрад і асабіста да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю адтэрміноўкі продажу валюты на год, але атрымаў ільготу толькі на паўтара месяцы. У гэтых умовах “Атлант” быў вымушаны парушыць прэзыдэнцкі ўказ, — прызнала былая галоўная бугальтарка. Затое, паводле яе, была ўратаваная вытворчасьць і ўжо ў 2000 годзе “Атлант” выйшаў на рынак з новымі пэрспэктыўнымі мадэлямі лядоўняў.
“У выніку, як вы мяркуеце, ці была нанесеная заводу шкода?”,— спытала судзьдзя сьведку. Кацярына Шышакова гэтак ня лічыць. Паводле яе за парушэньне прэзыдэнцкага ўказу завод мусіў сплаціць 400 тысячаў даляраў штрафных санкцыяў, але зарабіў у 2000 годзе на 30 мільёнаў даляраў больш і прадаў дзяржаве валюты столькі, колькі было трэба з улікам запазычанасьці за год ранейшы.