Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРС ЭЎРА ЎЗЬНЯЎСЯ ДА РЭКОРДНАЙ АДЗНАКI АДНОСНА ДАЛЯРА ЗША


Тацяна Поклад, Прага

На пачатку iснаваньня эўра яго курс стала зьнiжаўся ў дачыненьнi да даляру, аж да 82 амэрыканскiх цэнтаў за 1 эўра. Ад гэтае адзнакi пачаўся ўздым, – цягам апошнiх 16 месяцаў курс эўра стала ўздымаўся адносна даляра. Учора эўра дасягнула найвышэйшай адзнакi за ўвесь час свайго iснаваньня. На азiяцкай бiржы курс эўра складаў 1,1914 даляра i крыху зьнiзiўся ў Эўропе да 1,1895 даляраў за адзiн эўра.

Эўрапейскiя эканамiсты i палiтыкi адзначаюць, што рост курсу эўра выпраўляе ранейшую яго недаацэнку, але некаторыя аналiтыкi ужо выказваюць засьцярогi адносна ўплыву гэтага працэсу на эўрапейскую эканомiку, залежную найперш ад продажу сваёй прадукцыi на экспарт.

Даляр як валюта пачаў слабець дзеля эканамiчных праблемаў, прыкладам, праз гандлёвы дэфiцыт. Аднак слабы даляр паспрыяе экспартэрам ЗША зрабiць iх тавары таньнейшымi па-за межамi ЗША i, такiм чынам, павялiчаць экспарт i атрымоўваць большыя карпаратыўныя прыбыткi.

Праўда, зь iншага боку, пры слабым даляры для Амэрыкi вырастуць кошты на iмпарт, ды i падарожжы у Эўропу для амэрыканцаў падаражэюць.

Што да Эўропы, то для яе эканомiкі невыгоднае далейшае падзеньне даляра – а эканамiсты досыць упэўнена прагназуюць гэта. Неспакой павялiчыўся, калi пры ўзмацненьнi эўра эўрапейская эканомiка мела нулявы ўзровень росту ў першай чвэрцi сёлета. Вытворцы-экспартэры найперш спрыяюць ажыўленьню любой эканомiкi – але з падаражаньнем эўра iх тавары робяцца даражэйшымi i такiм чынам не вытрымлiваюць канкурэнцыi на мiжнародным рынку.
Эўра замянiла нацыянальныя валюты у 12 краiнах з мэтай злучыць эўрапейскую эканомiку i спрыяць гандлю i разьвiцьцю. Прыхiльнiкi эўра мелi спадзеў, што эўра будзе нароўных з далярам як валюта ў мiжнародным гандлі i iнвэстыцыях. Гэтыя спадзяваньнi руйнуюцца занадта хуткiм ростам эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG