Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 28 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Віцебскі пралетары”, 1933 год, пастанова сакратарыяту гаркаму КП(б)Б:

“Надаючы вялікае палітычнае значэньне 1-му зьезду савецкіх пісьменьнікаў БССР, у мэтах забесьпячэньня актыўнага ўдзелу шырокіх працоўных мас Віцебшчыны ў падрыхтоўцы да зьезду, сэкратарыят гаркому пастанаўляе: 1. 6-га чэрвеня склікаць гарадзкую канфэрэнцыю савецкіх пісьменьнікаў і літгурткоў Віцебску. 2. Да канфэрэнцыі правесьці наступныя мерапрыемствы: а/. правесьці цэхавыя сходы з дакладамі аб ролі мастацкай літаратуры як зброі клясавай барацьбы і з абгаварэньнем наказаў рабочых 1-му зьезду савецкіх пісьменьнікаў БССР; б/. арганізаваць справаздачныя сходы літгурткоў перад рабочымі свайго прадпрыемства… г/. абавязаць рэдакцыю “Віцебскага пралетара” і рэдкалегіі шматтыражак сыстэматычна асьвятляць ход падрыхтоўкі да зьезду, наладзіўшы рэгулярны выхад літаратурных старонак і куткоў; д/. абавязаць т.Розэнблюма да зьезду забясьпечыць выхад двух зборнікаў творчасьці віцебскіх пісьменьнікаў. Сэкратар гаркому КП(б)Б Міцькоў”.


Газэта “Советская Белоруссия”, 1963 год, артыкул “Вялікі попыт”:

“Надзвычай шматліка ў гэтыя дні ў менскай краме падпісных выданьняў. Дзьверы яе амаль не зачыняюцца. “Зараз мы чакаем першы том “Гісторыі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза”, — гаворыць прадавец аддзела падпісных выданьняў Ніна Андрэеўна Фомкіна. — Гэтая навуковая праца створаная Інстытутам марксызму-ленінізму пры ЦК КПСС”. Пакуль мы гутарым з прадаўцом, ля прылаўку зьбіраецца чарга. Але ніхто не прысьпешвае ні мяне, ні Ніну Андрэеўну. Відаць, ім таксама цікава паслухаць расказ кваліфікаванага прадаўца кніжнага прылаўку пра выданьне, на якое яны прыйшлі падпісацца… Трактаразаводзец В.Хурсан, як і многія ягоныя сябры па заводзе, вырашыў набыць шматтомнік для ўласнай бібліятэкі”.


“Знамя юности”, 1993 год, допіс уласнага карэспандэнта “Литературной газеты” Анатоля Казловіча пад назвай “Як гэта разумець?”:

“Беларусь вырашыла пачысьціць ваенныя склады. Гэта значыць, што сама не вырабляючы зброю, зрабіцца буйным яе пастаўшчыком. “Беларусь не прадае зброю ў краіны, дзе вядуцца баявыя дзеяньні. Ідучы за гэтым правілам, мы вымушаныя былі адмовіць у пастаўках зброі Арменіі і Таджыкістану”, — прамовіў высокапастаўлены чыноўнік у сакавіку гэтага году. Аказалася — хлусіў. Беларуская прэса распаўсюдзіла інтэрвію “Інтэрфаксу” старшыні Саўміна Таждыкістана А.Абдулладжанава. Ён паведаміў, што асноўнымі пастаўшчыкамі зброі ў Таджыкістан зьяўляюцца Расея, Беларусь, Украіна. Прычым Беларусь дзеліцца сваім арсэналам вельмі арыгінальна: часткова бясплатна, часткова ў доўг. У бліжэйшы час пастаўкі зброі павялічацца. Для ўдакладненьня дэталяў у Душанбэ выяжджае ўрадавая дэлегацыя Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG