Падчас сустрэчы зь лідэрамі палітычных партыяў Ута Цапф адзначыла: “Адно з самых важных рашэньняў – зьмена заканадаўства аб выбарах. Працоўная група жадае працаваць з усімі, хто ў гэтым зацікаўлены”. Кіраўнік групы прапанавала правесьці круглы стол па пытаньні зьмены выбарчага заканадаўства ў пэрыяд працы сэсіі Парляманцкай Асамблеі АБСЭ. Падчас візыту дэлегацыі спн. Цапф сустракалася з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Уралам Латыпавым, віцэ-сьпікэрам палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым і старшынёй Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Паводле кіраўніцы групы Парлямэнцкай Асамблеі, у яе склалася ўражаньне, што афіцыйныя беларускія прадстаўнікі разумеюць неабходнасьць зьмены Выбарчага кодэксу.
Акрамя таго, Ута Цапф заявіла, што прадстаўнікі дэлегацыі атрымалі ад беларускіх уладаў пацьверджаньне, што праект новай рэдакцыі Закону аб мэдыях будзе накіраваны на экспэртызу ў Раду Эўропы і ў АБСЭ.
Разам з тым, як паведаміла прэсавая служба АГП, Ута Цапф прызнала, што “...палітычная сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца, а рэпрэсіі маюць тэндэнцыю да ўзмацненьня”.