Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СПРОБА ПАСВАРЫЦЬ ЛУКАШЭНКУ І ПУЦІНА” ЦІ КАНСТАТАЦЫЯ ФАКТАЎ?

Юры Дракахруст, Прага

У публікацыі, апроч іншага, выказвалася меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка можа дэманстратыўна адмовіцца ехаць у Санкт-Пецярбург, дзе напрыканцы траўня адбудзецца саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД, а таксама сьвяткаваньне 300-годзьдзя Санкт-Пецярбургу. Сёньня прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што яго візыт у паўночную сталіцу Расеі ўсё ж адбудзецца. Што, аднак, не абвяргае высноваў шэрагу назіральнікаў, што ў адносінах афіцыйнага Менску і Крамля зноў настае пэрыяд пахаладаньня.

Беларуская ўлада ў сваёй крыўдзе на “нячэсных” журналістаў, у тым ліку і на журналістаў “Известий”, нагадвае дзіця, якое б’е вугал, аб які яно стукнулася. “Известия” пісалі пра абвастрэньне двухбаковых адносінаў. А пра што іншае сьведчыць учорашняя заява старшыні расейскага Цэнтарвыбаркаму Вешнякова, што ані сёлета, ані, хутчэй за ўсё, у наступным годзе аніякіх інтэграцыйных рэфэрэндумаў ня будзе?

Цікава адзначыць, што лепшы расейскі сябра афіцыйнага Менску, сьпікер дзярждумы Генадзь Селязьнёў на мінулым тыдні таксама абураўся публікацыяй у “Известиях”, называючы яе “брудным матэрыялам” і “спробаю пасварыць Лукашэнку і Пуціна”. Аднак што гаворыць Селязьнёў сёньня, пасьля ўчорашняй заявы Вешнякова? Старшыня Думы кажа, што стварэньню саюзнай дзяржавы перашкаджаюць дзьве праблемы: няпэўнасьць зь пераходам на адзіную валюту і лёс “Белтрансгазу”. Паводле сьпікера Дзярждумы, пытаньне з адзінай валютай застаецца адкрытым, а схема прыватызацыі “Белтрансгазу” дагэтуль неадпрацаваная.

Дык чым жа адрозьніваюцца гэтыя прызнаньні палымянага інтэгратара ад паведамленьняў “нячэсных” журналістаў? Нічым.

Невядома, ці адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу асабістая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, магчыма і так, магчыма, нават будуць зробленыя нейкія жэсты прымірэньня. Але ці зьменіць гэта сытуацыю ў прынцыпе?

Грунтоўны аналіз двухбаковых адносінаў утрымліваецца ў сёньняшнім артыкуле у газэце “Время МН” вядомага расейскага публіцыста Леаніда Радзіхоўскага. “Тое, што за 10 гадоў пабудова “саюзнай дзяржавы” не пайшла далей пратаколу аб намерах, ясна даказвае – піша Радзіхоўскі, – што такіх намераў у бакоў не было і ў страшным сьне. Лукашэнка хутчэй памрэ, чым сам сябе запіхне ў рот Расеі, разжалуе сябе да прэзыдэнта Татарстана”. Аднак і для Расеі – мяркуе журналіст – далучэньне Беларусі кантавала б дадатковага эканамічнага цяжару, праблемаў з Фэдэрацыяй, акрамя таго, “Расея атрымала б праблемы зь беларускімі сэпаратыстамі, якія зь першага ж дня аб’яднаньня пачнуць барацьбу (дзякуй, калі мірную) за разьяднаньне”, – мяркуе Леанід Радзіхоўскі.

“Ніякай аб’яднанай дзяржавы ня будзе , таму што ня будзе ніколі, – піша ён, і дадае – дарэчы, і ў сьвеце нічога падобнага няма. Розныя нацыі імкнуцца разьвесьціся (чэхі і славакі, народы былой Югаславіі), аднак ніводнага выпадку аб’яднаньня хаця і роднасных, але розных народаў у адзіную дзяржаву ў сьвеце няма”, – адзначае аглядальнік расейскай газэты “Время МН” Леанід Радзіхоўскі.
XS
SM
MD
LG