Першапачаткова на аднаўленьне помнікаў у “зоне” плянавалася выдаткаваць 6 мільёнаў рублёў, а на падтрыманьне парадку на вясковых могілках – 20 мільёнаў. Аднак адміністрацыя зонаў, паводле зьвестак яе начальніка Юрыя Кузьміча, падлічыла, што на аднаўленьне толькі аднаго помніка патрэбна выдаткаваць прыкладна мільён рублёў. А паколькі помнікаў на пакінутых пасьля Чарнобылю тэрыторыях блізу 80, то, каб прывесьці іх у парадак, з такім фінансаваньнем патрэбна амаль паўтара дзесяцігодзьдзя. Таму і вырашыла адміністрацыя адмовіцца ад добраўпарадкаваньня могілак на карысьць помнікаў.
Зьдзіўляе аднак наступнае. Большасьць помнікаў, што зьбіраецца аднаўляць адміністрацыя, ня маюць нейкага эстэтычнага значэньня. Гэта пераважна бэтонныя фігуры салдатаў з аўтаматамі, паднятыя на пастамэнты і аздобленыя фарбай пад бронзу. Для каго і навошта яны рамантуюцца, зразумець цяжка.
Іншая справа могілкі. Нават праз 17 гадоў пасьля катастрофы на сельскія пагосты прывозяць хаваць памерлых перасяленцаў. Сьвежыя магілы і мноства родзічаў мне даводзілася бачыць на Радаўніцу ў вёсках Капоранка, Крукі Брагінскага раёну, у Барталамееўцы – Веткаўскага, у Ліпе – Буда-Кашалёўскага раёнаў. І далёка ня ўсе могілкі ў “зоне” выглядаюць найлепшым чынам.
Патрабуе зьбіраньня і захаваньня і фальклёрная спадчына адселеных вёсак. Гэтым, у прыватнасьці, займаліся выкладчыкі і студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Аднак на выданьне адмысловых кніг, запіс дыскаў пра абрадавую і песенную культуру выселеных вёсак бракуе сродкаў.