У будучым годзе беларусу Зьмітру Малочку, які загінуў у Турцыі разам 62 гішпанцамі і 11 ўкраінцамі, мусіла было б споўніцца 40 гадоў. Зь іх палову ён прысьвяціў авіацыі. Лятаў на вэрталётах, а потым працяглы час займаўся арганізацыяй грузаперавозак у аэрапорце “Менск-2”. Летась Зьміцер Малочка сыйшоў з “Белавіа” і заключыў кантракт з кампаніяй “Украінскія Міжземнаморскія авіялініі”. Там грошай плацілі значна больш, чым у Беларусі, а ў Зьмітра Малочкі ў Менску сям’я, двое дзяцей.
Рэйс з Афганістану у Сарагосу, які рабіў самалёт Як-42, ня мусіў быць складаным — усяго адна дазапраўка ў турэцкім аэрапорце Трабзон. Але надарыўся вельмі шчыльны туман, а трабзонскі аэрапорт неабсталяваны для пасадак ва ўмовах амаль нулявой бачнасьці. Падчас трэцяй спробы сесьці Як-42 не патрапіў на паласу і ударыўся ў гару. Шанцаў застацца жывымі ні ў кога не было, лічаць адмыслоўцы.
Міністэрства замежных справаў Беларусі пацьвердзіла факт знаходжаньня на борце самалёта беларускага грамадзяніна. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных кажа, што прадпрымаюцца ўсе неабходныя ў падобных выпадках захады.
(Савіных: ) “Амбасада Беларусі ў Турцыі ужо займаецца гэтай справаю. Будзе аказаная дапамога ў апазнаньні загіблага і ўся неабходная консульская падтрымка. У тым ліку мы дапаможам прывезьці цела загіблага дадому”.
За апошнія гады беларускія лётчыкі ўсё часьцей трапляюць у розныя інцыдэнты, у тым ліку становяцца ахвярамі трэгедыяў у небе. Сёлета напачатку году ва Ўсходнім Тыморы загінуў у авіякатастрофе беларукі лётчык Валер Ухванаў, які, дарэчы, таксама лятаў у складзе ўкраінскага экіпажу. А самыя вялікія страты беларускія лётчыкі панесьлі ў 1998 годзе, калі ў небе над Шры-Ланкаю зьнік Ан-24 пад кіраваньнем чатырох лётчыкаў з Гомелю. Целы лётчыкаў дагэтуль ня знойдзеныя. Лічыцца, што беларускі самалёт быў зьбіты паўстанцамі.
Агульна прызнана, што шукаць працу ў замежных авіакампаніях ды лятаць на небясьпечных авіялініях беларускіх лётчыкаў прымушаюць малыя заробкі на радзіме. Супрацоўнік беларускай авіякампаніі атрымлівае ня больш за сярэдні заробак па краіне, і нават лётчык, які лётае за мяжу, штомесяц мае ня больш за 200-250 даляраў з улікам выплатаў на выправы. Такое становішча прымушае лётчыкаў і авіяспэцыялістаў пагаджацца на больш выгадныя, але рызыкоўныя замежныя кантракты.
Цікава, што й беларуская дзяржава імкнецца зарабіць на лётчыках. Гэтак, нядаўна зарабляць грошы ва Ўкраіну быў адпраўлены экіпаж беларускіх лётчыкаў, падрыхтаваных для палётаў на “Боінгах”. Пакуль у Беларусі ім няма працы.
Як паведамілі з Украіны, сям’я загіблага Зьмітра Малочкі, як і сем’і ўкраінскіх лётчыкаў, атрымае грашовую кампэнсацыю, што прадугледжаная кантрактам. Сума кампэнсацыі не паведамляецца.