Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЬМІТРЫ САЙМС: “ПАКУЛЬ ЛУКАШЭНКА ЎЯЎЛЯЎ САБОЮ ПАГРОЗУ ПЕРАВАЖНА ЎЛАСНАМУ НАРОДУ”

Юры Сьвірко, Менск

Дзмітры Саймс выказаў нязгоду зь меркаваньнем, што ў той час, калі Масква пачала ставіцца да афіцыйнага Менску горш, стаўленьне Вашынгтону стала крыху лепшым.

(Саймс: ) “Я думаю, што Вашынгтон зьвярнуў увагу на эвалюцыю расейскай пазыцыі ды ня лічыць прэзыдэнта Пуціна адказным за прэзыдэнта Лукашэнку. Можа быць, Масква мае нейкія рычагі ціску на Беларусь, якія з тых або іншых прычынаў пакуль не былі задзейнічаныя, і нейкія людзі ў амэрыканскім Кангрэсе хацелі б больш актыўнай пазыцыі з боку Расеі. Але прама скажам: калі нехта чагосьці не зрабіў — гэта далёка ня тое ж самае, што хтосьці кагосьці актыўна падтрымлівае. І ў адсутнасьць актыўнай падтрымкі Лукашэнкі з боку Расеі гэта ня тое пытаньне, якое можа аб’ектыўна знаходзіцца ў цэнтры расейска-амэрыканскіх стасункаў. Але ў прынцыпе стаўленьне Злучаных Штатаў да рэжыму Лукашэнкі расейскаму кіраўніцтву цалкам вядомае, і мне хочацца думаць, што ў нейкай ступені бярэцца ім пад увагу”.

Спадар Саймс таксама мяркуе, што ЗША пасьля перамогі над Садамам Хусэйнам будуць больш увагі надаваць тым, каго ён назваў “малымі дыктатарамі”. Ці вынікае з гэтага, што Вашынгтон будзе рабіць з Аляксандрам Лукашэнкам тое самае, што з былым ірацкім дыктатарам?

(Саймс: ) “Не такім шляхам, калі ён ня будзе ствараць ядравую зброю, зброю масавага зьнішчэньня або трымаць у сябе тэрарыстаў. Гэта залежыць ад канкрэтных рычагоў. Я думаю, што рэжым Лукашэнкі Амэрыцы вельмі не падабаецца. Але ёсьць два розныя выказваньні: штосьці, што ты лічыш глыбока вартым асуджэньня, і тое, што ты лічыш unacceptable — непрымальным. Вось Лукашэнка знаходзіцца ў катэгорыі, глыбока вартай асуджэньня. Зь ім ня можа быць сяброўства, пакуль там адбываецца тое, што мае месца, там будуць санкцыі, там будзе ізаляцыя, яго краіна будзе выключацца са шмат якіх форумаў і адключацца ад шмат якіх магчымасьцяў. Але я ня думаю, што гэта мае дачыненьне да ваенных мэтадаў, пакуль не пяройдзеная рыса, якую ён пакуль не перайшоў”.

Ці значыць гэта, што для ЗША Лукашэнкаў рэжым “acceptable”, то бок прымальны? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Дзьмітры Саймс:

(Саймс: ) “Каля вялікая дзяржава кажа, што нешта “unacceptable”, гэта значыць, што мы гэта не пацерпім і што мы гэта зьменім любой цаной. Вось тое, што цяпер адбываецца ў выпадку з Паўночнай Карэяй і ядравай зброяй, гэта “unacceptable”. Гэта значыць, што гэта ня будзе працягвацца. І калі гэтага ўдасца пазьбегнуць мірным шляхам — цудоўна. Але калі не, дык гэта ўсё адно ня будзе працягвацца.

Лукашэнка хоча “acceptable”. Калі вы кажаце “acceptable” — значыць, я запрашу яго да сябе дадому на вячэру з маёй сям’ёй. Не, яго ніхто не запросіць ня вячэру з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. Вось як асоба — ён “unacceptable”. Але сказаць, што ён і ягоны рэжым “unacceptable” у тым пляне, што іх больш ня будуць цярпець, — для гэтага патрэбныя нейкія іншыя дзеяньні, каб ён уяўляў сабой рэальную пагрозу Амэрыцы й сьвету. Пакуль ён уяўляў пагрозу пераважна ўласнаму народу”.
XS
SM
MD
LG