Стваральнік і нязьменны кіраўнік БГАЛ Уладзімер Колас ад 1998 году быў пераведзены з пасады дырэктара на пасаду намесьніка дырэктара. Па сёньняшні дзень дырэктар ня быў прызначаны. Такім чынам дэ-факта спадар Колас застаецца кіраўніком унікальнай навучальнай установы. На такіх парытэтных умовах быў вырашаны канфлікт між уладай і навучэнцамі, якія адстойвалі свайго кіраўніка пяць гадоў таму. І вось — новы віток канфлікту.
Пётра Брыгадзін прапанаваў Уладзімеру Коласу застацца на пасадзе намесьніка дырэктара Беларускага гуманітарна-адукацыйнага ліцэю. Вось як адрэагаваў спадар Колас:
(Колас: ) “Я паведаміў, што стаўленьне ў мяне адмоўнае, што гэта парушае папярэднія пагадненьні пра мой статус у Ліцэі і можа парушыць сутнасьць пэдагагічнай атмасфэры ў Ліцэі. Паколькі гэты Ліцэй, безь непатрэбнай сьціпласьці, можна сказаць, стварыў я са сваімі аднадумцамі”.
Намесьнік міністра адукацыі Казімер Фарыно пацьвердзіў пляны міністэрства прызначыць новага кіраўніка Ліцэю:
(Фарыно: ) “Дэ-факта будзе прызначаны новы дырэктар у Ліцэі імя Якуба Коласа, а намесьнік як быў, так і застанецца — Колас”.
(Карэспандэнт: ) “Колас жа і стварыў гэты ліцэй...”
(Фарыно: ) “...Ну, гэта ня важна. На гэты момант дырэктара не было, прычым, шмат гадоў”.
(Карэспандэнт: ) “А чаму, напрыклад, не пакінуць...”
(Фарыно: ) “...Дазвольце, я на гэтае пытаньне адказваць ня буду”.
(Карэспандэнт: ) “Вы можаце назваць кандыдатуры?”
(Фарыно: ) “Не”.
Уладзімер Колас пакуль не камэнтуе раптоўнае рашэньне міністэрства адукацыі:
(Колас: ) “Вэрсіі можа рабіць кожны, хто разьбіраецца ў сытуацыі ў краіне”.
У кожным выпадку, Уладзімер Колас бачыць сябе ў Беларускім гуманітарна-адукацыйным ліцэі толькі ў якасьці фактычнага кіраўніка і гатовы сысьці з працы ў навучальнай установе ў выпадку прызначэньня дырэктара:
(Колас: ) “Калі такое рашэньне будзе ўсё ж такі прынятае, то я намесьнікам пры гэтым чалавеку не застануся”.