Адзін з самых адмысловых дзіцячых летнікаў заплянаваны на Браслаўшчыне ў першай палове ліпеня. Цягам шаснаццаці дзён хлопчыкі будуць жыць у рэаліях Х стагодзьдзя: вучыцца здабываць агонь, харчавацца з дароў прыроды, арыентавацца паводле прыродных прыкметаў, рабіць гліняны посуд, гатаваць ежу на вогнішчы. Летнік ладзіцца пад эгідаю катэдры архэалёгіі Інстытуту гісторыі НАНБ. Хлопчыкі возьмуць удзел у раскопах. Усё разам завецца экспэрымэнтальнай архэалёгіяй. Кажа кіраўнік летніка Васіль Грынь:
(Грынь: ) “Экспэрымэнтальная архэалёгія ў пэўнай ступені перагукаецца з сучасным паняткам актыўнага адпачынку або ладу жыцьця. Гэта так званае “выжываньне”, дзе будуць хлопцаў вучыць — як жыць у лесе, як там паводзіць сябе, якія расьліны лекавыя, якія наадварот, як вызначыць бакі сьвету, як арыентавацца ва ўсім гэтым”.
Для дзяўчынак на Браслаўшчыне напрыканцы жніўня таксама заплянаваны летнік.
(Грынь: ) “Дзяўчынкі ў мяне пераважна гарадзкія, урбанізаваныя, таму: ткацтва, ганчарства, пляценьне, як карову даіць, як масла біць, як пячы хлеб, напрыклад, у печы”.
Яшчэ адзін цікавы летнік арганізуе грамадзкае аб’яднаньне “Гісторыка”. Зь 19 па 27 ліпеня ў Гальшанах сябры “Гісторыкі” разам зь “Беларускай асацыяцыяй студэнтаў-архітэктараў”. У плянах — парадкаваньне рэшткаў Гальшанскага замку, дапамога гальшанскаму кляштару. Кіраўнік “Гісторыкі” Ірына Кашталян запрашае далучыцца ўсіх ахвочых:
(Кашталян: ) “Мы таксама прадугледжваем культурніцкую праграму: пешую вандроўку да Баруноў, Крэва. Хочам канцэрт зрабіць, прысьвечаны Караткевічу, футбольны матч зь мясцовым насельніцтвам зладзіць, таксама паказ фільмаў па-беларуску”.
Яшчэ адзін адметны летнік заплянавала “Аб’яднаньне Беларускіх Скаўтаў” супольна зь некалькімі арганізацыямі. Адметнасьць летніка ў тым, што траціну яго будуць складаць цяжкія падлеткі. Тлумачыць адзін з арганізатараў летніку Віталь Паўлоўскі:
(Паўлоўскі: ) “Моладзь у сучаснай сыстэме выхаваньня не знаходзіць таго, што ёй трэба, і дэградуе. Цяжкіх падлеткаў усё больш і больш. Безумоўна, зь імі трэба працаваць, і неяк падбіраць”.
Апрача скаўтаў, зь цяжкімі падлеткамі маюць працаваць сябры моладзевай арганізацыі “NEXT STOP – NEW LIFE”, эколягі з арганізацыі “Экаскоп” ды іншыя.