Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ НА ЧАЛЕ З УТАЙ ЦАПФ НАВЕДАЛА ГОМЕЛЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Разам з Утай Цапф Гомель наведалі кіраўнік місііі АБСЭ ў Беларусі Эбэргард Гайкен, парлямэнтары зь Вялікай Брытаніі і Швэцыі.

На сустрэчы са старшынём аблсавету Валерам Сяліцкім спадарыня Цапф цікавілася наступствамі для рэгіёну Чарнобыльскай катастрофы, вынікамі выбараў у мясцовыя саветы, а таксама дачыненьнямі ўладаў з грамадзкімі арганізацыямі і палітычнымі партыямі.

У прыватнасці, высокая госьця цікавілася і распачатым судовым працэсам аб зьліквідаваньні абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”.

Ута Цапф мела сустрэчу і з прадстаўнікамі “трэцяга сэктару”. Сустрэча доўжылася дзьве гадзіны. Апроч праблемаў існаваньня дэмакратычных арганізацыяў і партыяў ва ўмовах жорсткага ціску ўладаў, госьця выслухала і словы асуджэньня рашэньня ПА АБСЭ аднавіць статус Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Пра гэта, у прыватнасці, казаў старшыня рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Віктар Раманішка.

Ута Цапф заявіла, што прадастаўленьне месца – гэта толькі захаваньне працэдуры і не азначае, што Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ прызнала выбары ў Беларусі празрыстымі і дэмакратычнымі.

Паводле словаў спадарыні Цапф, ПА АБСЭ будзе дамагацца прыняцьця беларускім парлямэнтам паправак у Выбарчы кодэкс і Закон пра СМІ з тым, каб наблізіць іх да эўрапейскіх стандартаў.

На пытаньне нашага радыё пра ацэнку становішча грамадзкіх арганізацыяў і партыяў у рэгіёне Ута Цапф заявіла наступнае:

(Цапф: ) “Мы ўжо пэўны час назіраем за сыстэматычным перасьледам грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў і адзначаем, што прымяняецца даволі распрацаваная сыстэма адцягненьня арганізацыяў ад іх дзейнасьці. Мы мяркуем, што праца грамадзкіх арганізацыяў ёсьць вельмі карыснай для ўсталяваньня дэмакратыі. А дэмакратыя азначае падзел улады. Па ўсім відаць, існуючая “вэртыкаль” не жадае дзяліцца ўладаю, і таму імкнецца рабіць усё, каб перашкодзіць дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў альбо зачыніць іх наагул”.

Гомельскія прадстаўнікі “трэцяга сэктару” станоўча ацэньваюць увагу ПА АБСЭ да рэгіянальных праблемаў. Распавядае старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карнеенка:

(Карнеенка: ) “Калі раней АБСЭ і яе афіцыйных прадстаўнікоў цікавіла толькі агульнанацыянальная палітыка, то зараз ёсьць цікавасьць і да яе рэгіянальных аспэктаў. Мне падаецца, гэта – пазытыўная зьява. Ці дастаткова гэтага пазытыву, каб увогуле ацаніць ролю АБСЭ ў Беларусі, пакуль казаць рана. Што да мяне асабіста, карысьць ад гэтай місіі, што называецца, ёсьць, – адкладзены судовы працэс зьліквідаваньня “Грамадзянскіх ініцыятываў”.

Пагаджаючыся з такой ацэнкай, кіраўнік абласной суполкі БНФ сп. Раманішка асаблівых ілюзіяў наконт уплыву Парлямэнцкай Асамблеі на беларускую рэчаіснасьць ня мае:

(Раманішка: ) “Пасьля такіх сустрэчаў я ўсё больш пераконваюся, што ўсе нашыя праблемы мы можам вырашыць толькі самі. Дай Божа, каб яны ў чымсьці нам дапамаглі, а ўсё астатняе нам прыйдзецца самім рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG