Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ЧЫГІР ПРОСІЦЬ СТВАРЫЦЬ КАМІСІЮ ДЛЯ ВЫСЬВЕТЛЕНЬНЯ МАТЫВАЎ, ЗЬ ЯКІХ МІЛІЦЫЯНТЫ ПЕРАСЬЛЕДУЦЬ ІХ СЯМ’Ю


Алег Грузьдзіловіч, Менск

26 траўня на судзе над Чыгіром-малодшым выступіў адзін з пацярпелых, у якога, паводле сьледчых, нібыта скралі аўтамабіль на замову сына экс-прэм’ера. Леанід Вышынскі падрабязна распавёў, як шукаў свой “Фольксваген”, пакуль не знайшоў запчасткі ад яго на аўтарынку гандлёвага дома “Кальцо”. Потым частку сваіх запчастак ён нібыта апазнаў у гаражы загараднага дома, які належаў Чыгіру-малодшаму.

Дарэчы, пацярпелага Вышынскага могуць згадаць тыя людзі, хто ў лютым 2000 году бачыў рэпартаж Беларускай тэлевізіі пра затрыманьне на аўтарынку сына Чыгіра. У тым інтэрвію Леанід Вышынскі падрабязна распавёў, колькі ў Чыгіра-малодшага гаражоў і аўтамабіляў, ды распавёў шмат іншых прыватных зьвестак. Аднак сёньня у судзе Леанід Вышынскі пацьвердзіў, што да затрыманьня Алякандра Чыгіра быў зь ім незнаёмы. На пытаньне адваката, адкуль тады ён ведаў зьвесткі пра Чыгіра, расказаныя Беларускай тэлевізіі, Вышынскі адказаў: “Гэта былі народныя чуткі”.

Няпэўнымі былі адказы пацярпелага і пра прычыны зьбіцьця Чыгіра-малодшага. Ёсьць пратакол ягонага агляду мэдыкамі неўзабаве пасьля затрыманьня. У гэтым пратаколе зафіксаваныя сьляды зьбіцьця. Сьледчыя аднак, падчас праверкі заявілі, што Чыгіра-малодшага зьбілі не яны, а ён пацярпеў пры затрыманьні. Цікава, што Леанід Вышынскі як раз прысутнічаў пра затрыманьні сына экс-прэм’ера. “Было склізка. Ён проста няўдала паваліўся”, — патлумачыў Вышынскі сёньня суду.

Між тым адвакатка Юлія Чыгір паказаньням пацярпелага не давярае. Яна не выключае, што Вышынскі пайшоў на змову са сьледчымі і дае хлусьлівыя паказаньні, каб атрымаць грашовую кампэнсацыю за скрадзены аўтамабіль. Бо сам аўтамабіль міліцыянты гэтак і не знайшлі.

Юлія Чыгір паведаміла, што экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір накіраваў сёньня заяву на адрас Аляксандра Лукашэнкі і дэпутатаў Нацыянальнага сходу. Чыгіры просяць стварыць камісію і высьветліць матывы, паводле якіх міліцыянты перасьледуць іх сям’ю. У тым, што гэта адмысловы перасьлед, Міхаіл і Юлія Чыгір не сумняюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG