Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТЫ НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ НАЗЫВАЮЦЬ ПАСТАНОВУ ЎРАДУ ПРА РЭГЛЯМЭНТАЦЫЮ СЛОВА “ПРЭЗЫДЭНТ” ГЛУПСТВАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна лічыць, што ад таго, што ў Беларусі прэзыдэнтам будзе называцца адзін чалавек, зьменаў да лепшага не адбудзецца:

(Літвіна: ) “Мне вельмі падабаецца гэтая мера. Таму, што як толькі яна набудзе сілу, асацыяцыі будуць паўставаць толькі з адным чалавекам. Вось у палітычным пляне ад таго, што прэзыдэнтам будуць называць толькі адну асобу ў нашай краіне, нічога да лепшага ня зьменіцца. Таму можа чарговы крок зробіць грамадзтва, і там у будучыні наблізіцца да парлямэнцкай рэспублікі. Магчыма для нас гэта будзе выйсьцем. А, што тычыцца БАЖу — у мяне ніякіх амбіцыяў няма. Я магу звацца і старшынёй арганізацыі, як заўгодна. Ад гэтага сутнасьць не памяняецца”.

А вось меркаваньне яшчэ аднаго прэзыдэнта — Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука:

(Ярашук: ) “Усе падобныя рэчы вельмі цяжка камэнтаваць. Бо цяжка знайсьці здаровы сэнс. Чаму гэта робіцца? Гэта зусім відавочна — таму, што павінен быць адзін... На вялікі жаль, гэта гаворыць пра тое, што да сапраўднага дэмакратычнага стану грамадзтва ў нас яшчэ вельмі доўгая дарога. Вельмі шкада, што ўлады не разумеюць, што такім чынам калі нешта й могуць дасягнуць, дык толькі прынізіць аўтарытэт кіраўніка дзяржавы”.

Пры гэтым ён дадаў, што Кангрэс пакуль ня вырашыў — трэба даваць новую назву кіраўніку арганізацыі ці не. Аляксандар Ярашук, аднак, перакананы, што такія зьмены ў статуце пацягнуць фінансавыя выдаткі.

Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа называе пастанову ўраду анэкдотам:

(Патупа: ) “Улада нарадзіла анэкдот ўсясьветнага маштабу. А які пазытыўны вынік будзе для нашай дзяржавы? Ды няма ніякага пазытыву, ну ніякага! Гэта тыповая фантазія розных “прыхлябальнікаў”. Якія лічаць, што толькі адна асоба можа мець такі тытул”.

Лідэр Саюзу прадпрымальнікаў не выключае, што ўлады з гэтай нагоды арганізуюць перарэгістрацыю арганізацыяў, якімі кіравалі прэзыдэнты. І ён ня пэўны, што ўсе арганізацыі яе пройдуць. Як жа будуць называцца пасады кіраўнікоў няўрадавых арганізацыяў у будучыні — не істотна.

У Беларусі ёсьць нямала прэзыдэнтаў, прычым як дзяржаўных, так і недзяржаўных арганізацыяў. Прыкладам, многія дзяржаўныя канцэрны кіруюцца прэзыдэнтамі. Прэсавы сакратар канцэрну “Белнафтахім” Віктар Азараў лічыць, што нічога страшнага ўва ўрадавай пастанове няма, бо канцэрн і так хутка будзе рэфармавацца.

Прэсавы сакратар Аляксандар Лукашэнкі Натальля Пяткевіч лічыць, што пастанова ўраду добрая і своечасовая:

(Пяткевіч: ) “Размова ідзе выключна пра тэрміналёгію, для чысьціні ў арганізацыйна-праўных пытаньнях. Гэта мая думка як юрыста. Я абсалютна падтрымліваю такое рашэньне, калі яно будзе прынятае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG