Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ ВЫНЕСЛА АДРАЗУ НЕКАЛЬКІ ПАПЯРЭДЖАНЬНЯЎ ДЗЬВЮМ НЕЗАЛЕЖНЫМ ГАЗЭТАМ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Паводле дзейнага заканадаўства, больш за два папярэджаньні ёсьць падставаю для закрыцьця газэты. Галоўная рэдактарка “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна генэральную прычыну ціску адразу на тры незалежныя газэты зьвязвае з асобаю міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага і з тым фактам, што цяпер пракуратура ладзіць у міністэрстве інфармацыі праверку:

(Калінкіна: ) “Праверка гэтая датычыць менавіта міністра Падгайнага. Напалоханы, міністар жадае патапіць нас, каб выратаваць сябе”.

Зьмест папярэджаньняў Сьвятлана Калінкіна лічыць надуманым. Напрыклад, як і “Народную Волю”, “БДГ” вінавацяць у публікацыі зьвестак, вынесеных з залі паседжаньняў у часе судовага разьбіральніцтва справы экс-дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Леонава. Лёгіка меркаваньня простая — калі дазволілі прысутнічаць журналістам, інфармацыя ня можа быць сакрэтнай.

Галоўны рэдактар газэты “Навінкі” Паўлюк Канавальчык таксама выказвае зьдзіўленьне дзеяньнямі Міністэрства інфармацыі. Ён прадэманстраваў копіі папярэджаньняў, дзе пазначаныя толькі нумары газэты, ды назвы артыкулаў, у якіх, нібыта, ёсьць парушэньні. Але што канкрэтна парушыла рэдакцыя — не ўказана. Кажа Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) “Мы лічым, што гэта сплянаваная акцыя, своесаблівы “бліц-крыг” па ліквідацыі газэты “Навінкі”. Хутчэй за ўсё, гэта замова зьверху”.

Кіраўнік цэнтру праўнае дапамогі СМІ Андрэй Бастунец зазначае, што большасьць папярэджаньняў ініцыяваныя пракуратураю Беларусі:

(Бастунец: ) “Тут мы можам бачыць ня толькі хваравітую актыўнасьць міністэрства інфармацыі, але тое, што пракуратура адсочвае публікацыі ў прэсе. Ва ўсім сьвеце гэта разглядаюць як форму цэнзуры”.

Рэдакцыі “БДГ” і “Навінак” у бліжэйшы час плянуюць абскардзіць папярэджаньні з боку Міністэрства інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG