Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВІЦЦА РАСЕЙСКАЯ ЭЛІТА ДА ІНТЭГРАЦЫІ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ?


Юры Сьвірко, Юрмала—Менск

На юрмальскім форуме беларускае пытаньне амаль не абмяркоўвалі. У дакладзе РЗАПу яно таксама выглядала маргінальным на тле стасункаў Расеі з Эўразьвязам, які пашыраецца. Таму ў кулюарах Балтыйскага форуму я задаў яго ўдзельнікам з Расеі пытаньне: як ставіцца зараз маскоўская эліта да Беларусі, што яна думае пра пэрспэктывы інтэграцыі дзьвюх дзяржаваў? Вось што сказаў пра Беларусь Ігар Юргенс, адзін зь сябраў РЗАПу.

(Юргенс: ) “Гэта вельмі важная краіна. Інтэграцыя стратэгічна была б вельмі важнай. Гэта адзін народ культурна — ну, не адзін, вядома, брацкі народ. Эканамічна — цалкам можна інтэграваць. Ёсьць вельмі цікавыя аб’екты для расейскай прыватызацыі. Ёсьць прадпрымальнікі, якія б з задавальненьнем паўдзельнічалі б у ёй. Увогуле, ёсьць адна мова. І геастратэгічна вельмі выгоднае становішча, якое аддаляе, скажам, межы. І гэтак далей — з прычыны цэлага шэрагу абставінаў мы з задавальненьнем як РЗАП паўдзельнічалі б у праекце “Інтэграцыя й стварэньне саюзнай дзяржавы”. Але — толькі тады, калі будуць сумяшчальныя палітычныя сыстэмы. Зараз яны маласумяшчальныя”.

Менавіта таму інтэграцыя зь Беларусьсю ўжо нецікавая для Масквы, дзе ніхто сур’ёзна да Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы ня ставіцца. Нават прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін цягам апошніх месяцаў адкрыта ігнаруе як саму тэму інтэграцыі зь Менскам, гэтак і асобу Аляксандра Лукашэнкі, кажа іншы сябра РЗАПу Ўладзімер Аверчаў…

(Аверчаў: ) “Па сутнасьці, унутры краіны, за межамі вузкага кола палітыкаў, якія зрабілі інтэграцыю зь Беларусьсю часткаю свайго палітычнага капіталу, гэта тэма ўжо мала каго хвалюе. Чаму Пуцін праігнараваў — я думаю, працягваецца, з аднаго боку, раздражненьне Лукашэнкам, і зь іншага боку, мы бачым, што Пуцін гатовы прымяняць досыць жорсткі ціск — у гэтым выпадку дзеля таго, каб прымусіць Лукашэнку выканаць свае забавязаньні наконт прыватызацыі. Насамрэч, рэальна ў Крамлі лічаць, што інтэграцыя зь Беларусьсю можа стаць палітычна асэнсаванай і цікавай, толькі й калі расейскі капітал прыйдзе ў Беларусь, калі ў Беларусі ўсталюецца нармальны эканамічны рэжым. І вось тады могуць адбывацца ўсе астатнія рэчы. Пуцін проста чакае, калі гэты Лукашэнка выканае вось гэтыя забавязаньні”.

З гэтай думкаю Ўладзімера Аверчава цалкам салідарны Ігар Юргенс:

(Юргенс: ) “Мы сёньня пачулі ад калегі пра сытуацыю ў Беларусі, што, у прынцыпе, гэта дэмакратычная краіна, якая ўвогуле хацела б інтэграцыі з Расеяй. Калі гэта так і калі зьмена рэжымаў адбываецца ў нейкія канстытуцыйныя тэрміны, дык значыць, у Лукашэнкі, які мала сумяшчальны з расейскай элітаю, мала шанцаў. А ўвогуле, ня будзем душою крывіць: усе інтэграцыйныя ды іншыя інтэграцыйныя працэсы цяпер адбываюцца не паводлі волі масаў (гэта ўжо прайшло, і ня толькі ў Расеі), а кансэнсусным, элітарным спосабам, які потым, вядома, афармляецца праз парлямэнт, кіраўніцтва краіны і гэтак далей, — дык вось, з элітарным настроем Расеі Лукашэнка мала сумяшчальны з прычыны цэлага шэрагу вядомых абставінаў. Калі, тым ня менш, краіна застанецца ў дэмакратычным ключы — калі-небудзь настане пэрыяд, калі Лукашэнка будзе пераабраны, напэўна. У гэтым выпадку, калі зьменіцца ракурс стаўленьня да інтэграцыі, фразэалёгія, і адпаведна эканоміка краіны — прыватызацыя, рынкавая эканоміка, агульныя правілы — дык вядома, народы абсалютна сумяшчальныя й саюзная дзяржава — цудоўная рэч”.

Зараз расейскую эліту асабліва непакоіць прыватызацыя беларускіх газаправодаў. Спадар Аверчаў з кампаніі “Сіданка”, акцыі якой нядаўна купіла “British Petroleum” мяркуе, што прапанаваная беларускімі ўладамі цана “Белтрансгазу” — 3 мільярды даляраў — значна завышаная.

(Аверчаў: ) “…Такія яны маюць цэны — гэта поўнае вар’яцтва. Я думаю, што гэта — адзін з чыньнікаў, чаму Пуцін не казаў пра Беларусь апошнім часам. Гэты канкрэтны прыклад, але гэта распаўсюджваецца й на шмат якія іншыя беларускія прадпрыемствы, якімі цікавіцца расейскі капітал. Ён рэальна мог бы дапамагчы іх падняць. І я думаю, што [кіраўнік “Газпрому”] Мілер — чалавек не чужы для Пуціна, цалкам мог настроіць так нашага прэзыдэнта”.

Уладзімера Аверчава дапаўняе Ігар Юргенс:

(Юргенс: ) “Што да інфраструктуры й газавых усіх гэтых справаў, дык, як я разумею, разглядаюцца розныя варыянты, у тым ліку — па дне Балтыйскага мора, іншыя — усё больш цікавымі становяцца …экспарт звадкаванага газу. Таму ў гэты момант ня бачу такой вялікай праблемы. Давайце пакладзем усё на стол — калі людзі хочуць, каб грамадзтва ведала, пра што размова йдзе. Мне здаецца, што мусяць хацець, таму што гэта вялікі падаткаплатнік, паступленьні ў бюджэт, гэта наш з вамі дабрабыт. На жаль, папракаючы й расейскі бок, магу сказаць, што ані “Газпром” ня ёсьць празрыстай кампаніяй — да той ступені, каб нам разумець, што там адбываецца, ані, вядома, беларускі бок, прынамсі грамадзкасьць шырока не інфармуе — адкуль такія ацэнкі”.

Маскоўская эліта зазначае: пакуль замарожаная эканамічная інтэграцыя Беларусі й Расеі, ня будзе размарожаная й палітычная. Гаворыць Уладзімер Аверчаў:

(Аверчаў: ) “Вы зьвярнулі ўвагу, што было перанесенае паседжаньне Парлямэнцкага сходу. І гэта таксама прыкмета таго, што няма чаго абмяркоўваць. Я думаю, што палітычны працэс замарожаны. І я думаю, што Пуціну розум кажа, і людзі на неафіцыйным, непублічным узроўні кажуць: хопіць нас выкарыстоўваць у палітычным піары”.

Ці значыць гэта, што Канстытуцыйны акт Саюзнае дзяржавы так і ня будзе вынесены на рэфэрэндум? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Ігар Юргенс:

(Юргенс: ) “Падрыхтоўчая праца можа весьціся — чаму не? Больш за тое, раптам Аляксандар Рыгоравіч, так сказаць, стане ў позу інтэграцыяніста й чалавека, палітычнага дзяяча, які, ня бачучы іншых альтэрнатываў для разьвіцьця сваёй краіны, скарэгуе сябе? Ён дэманстраваў такія магчымасьці. Я ў гэта мала веру — ён занадта аўтарытарны, ён мае іншую культуру. Я некалькі разоў чуў ягоныя выступы з той нагоды, што “Расея страціла маральнае права весьці славянскія народы — гэта я маю такое права”.

Калі гэта праўда так і ён некарэгавальны, дык пры такім прэзыдэнце я зь цяжкасьцю бачу гэтую справу. І я думаю, што бальшыня РЗАПаўцаў зь цяжкасьцю бачыць гэта ў такім выглядзе”, — заявіў спадар Юргенс, сябра расейскага РЗАПу — Рады вонкавай і абароннай палітыкі. А Ўладзімер Аверчаў выказаўся пра расейска-беларускі Канстытуцыйны акт гэтак:

(Аверчаў: ) “Я думаю, што гэтак нікога ў Расеі не цікавіць. Вось проста не цікавіць — і ўсё. Пуцін неяк сказаў, як ён бачыць аб’яднаньне зь Беларусьсю. Тады потым гэтую тэму адыгралі, нібыта ён ня тое меў на ўвазе, але я думаю, што ён сказаў з гэтай нагоды тое, што думае насамрэч — што інтэграцыя магчымая толькі ў адным варыянце як рэалістычным. Гэта паглынаньне, уваходжаньне Беларусі ў склад Расеі.

Больш за тое, я думаю, што Пуцін нічога ня мае супраць таго, каб Беларусь так і заставалася самастойнай дзяржаваю. Будуць нашыя эканамічныя інтарэсы забясьпечаныя — і дастаткова. Таму — быць Беларусі незалежнай. Чым далей, тым больш. Тым больш шанцаў на гэта, таму што ўсё ж такі стварэньне саюзнай дзяржавы або паглынаньне (можна называць па-рознаму) — гэтак такое страсеньне балянсу ў Эўропе, які склаўся, што наўрад ці хто сёньня ў гэтым зацікаўлены. Для нас на парадак важнейшыя разьвіцьцё дыялёгу і пабудова структураў супрацоўніцтва з Эўразьвязам, чым пытаньне Беларусі ў складзе Расеі. Усё ж такі постімпэрскі шок ужо прайшоў”.

Гэтае меркаваньне спадара Аверчава цалкам падзяляе Ігар Юргенс:

(Юргенс: ) “Я думаю, што Пуцін будзе падыходзіць з агромністай асьцярожнасьцю да пытаньня канчатковай інтэграцыі, калі пад яго ня будуць падкладзеныя жорсткія эканамічныя гарантыі таго, што наш, расейскі курс не пацерпіць. Самай галоўнай гарантыяй ёсьць эмісійны цэнтар, супраць якога Лукашэнка біўся ўсе гэтыя гады. То бок Цэнтрабанк — адзін, у Расеі, калі валюты дзьве, або ён выдае нашую валюту — рублі — так, як ён хоча, для сваіх сацыяльных праграмаў, і канец праекту”.

Пра канец праекту інтэграцыі з Лукашэнкам ускосна кажа й даклад Радзе вонкавай і абароннай палітыкі, дзе зазначаецца мажлівасьць дэмантажу беларускай сыстэмы “кіраванай дэмакратыі”. Гаворыць Уладзімер Аверчаў:

(Аверчаў: ) “Я думаю, што проста такім зграбным стылем сказаная простая рэч — што могуць быць дэмантаваныя інстытуты амаль таталітарнае, жорсткае аўтарытарнае дзяржавы, і гаворка йдзе фактычна пра дэмакратызацыю Беларусі.

На жаль, існуе праблема з апазыцыяй у Беларусі, таму што за гэтыя гады — а гэта ўсё ж такі не таталітарны рэжым, гэта рэжым, пры якім людзі езьдзяць за мяжу, людзі атрымліваюць фінансавую падтрымку з-за мяжы, — і выбудаваліся ўжо (мы тое самае бачылі і ў Расеі) такія кліентальныя стасункі паміж беларускай апазыцыяй і некаторымі заходнімі цэнтрамі фінансаваньня. Гэтыя людзі быццам выконваюць нейкую задачу — ня тое, каб ім ставілі задачу, але яны ведаюць, чаго ад іх чакаюць, яны працуюць у гэтым ключы.

І складнік — надта моцны антырасейскі кампанэнт, каб зь імі можна было нармальна працаваць. У гэтым праблема”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG