Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНЫ БАНК РЫХТУЕ ВЯЛІКІ ЧАРНОБЫЛЬСКІ ПРАЕКТ ДЛЯ БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Каардынатар праграмаў Усясьветнага банку ў Беларусі, Малдове і Ўкраіне Сяргей Кулік яшчэ нядаўна працаваў у Менску. Таму ён цудоўна ведае самыя цяжкія беларускія праблемы. Спадар Кулік гаворыць пра гатоўнасьць міжнароднай фінансавай арганізацыі дапамагаць Беларусі ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы:

(Кулік: ) “У бліжэйшыя некалькіх тыдняў будзе місія ў справе падрыхтоўкі Чарнобыльскага праекту. Умоўна мы яго завем “Чарнобыльскім”. Але тут рэч ідзе пра больш шырокія справы: паляпшэньне сыстэмы занятасьці, разьвіцьцё ініцыятываў у забруджаных чарнобыльскіх раёнах. Гэтая місія будзе праводзіць у тым ліку і грамадзкія слуханьні, кансультацыі з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці як у Менску, гэтак і Гомельскай і Магілёўскай абласьцей, куды яна паедзе”.

Экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук ставіць лёс праекту ў залежнасьць ад пазыцыі беларускіх уладаў.

(Раманчук: ) “Усё залежыць ад таго, якія функцыі будуць выконваць бакі ў гэтым праекце. Урад, безумоўна зацікаўлены, каб грошы цяклі ў чарнобыльскія праекты. Але з таго, што мне вядома, калі ўрад хацеў бы ўзнавіць сельскагаспадарчыя работы на забруджаных тэрыторыях, выкарыстоўваць замежныя грошы, пры скарачэньні ўласных праграмаў, дык гэта будзе перакладваньне нашых праблемаў на плечы міжнародных арганізацыяў”.

Яраслаў Раманчук гаворыць, што чарнобыльскі праект выступіць у ролі так бы мовіць спробнага.

(Раманчук: ) “Я думаю, Усясьветны банк абраў такую тактыку — на такім апалітычным праекце, якім зьяўляецца “Чарнобыль”, паспрабаваць усталяваць больш-менш нармалёвыя стасункі зь беларускім урадам. І паглядзець, ці зможа беларускі бок выконваць свае абавязкі ў рамках гэтага канкрэтнага праекту. І калі праект будзе больш-менш добра зарганізаваны, дык тады гэта будзе падставаю, каб пашырыць супрацоўніцтва з урадам Беларусі. Але беларускі бок вельмі ахвотна ідзе на тое, каб выкарыстаць замежныя сродкі, і вельмі неахвотна ідзе на тое, каб выканаць парады і рэкамэндацыі міжнародных структураў у пляне зьмяненьня эканамічнай палітыкі”.

Яраслаў Раманчук не выключае, што новы праект Усясьветнага банку можа падзяліць лёс іншага — у справе дапамогі ВІЧ-інфіківаным жыхарам Беларусі, які так і ня быў ажыцьцёўлены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG