28-гадовы Зьміцер Лыскавец мае рэдкую для Беларусі прафэсію: ён — скакун у ваду з высотных трамплінаў. На жаль, здольнасьцям майстра спорту не знайшлося скарыстаньня на Радзіме, і цягам пяці гадоў ён лічыцца зоркаю ганконгскіх і сынгапурскіх аквашоў.
Дарэчы, тут апошнім часам узьнікла цэлая беларуская каманда, якая вылучалася на фоне мясцовых скакуноў часта не зусім апраўданай рызыкаю. Праўда, арганізатараў шоў падобны расклад задавальняў, бо ля басэйнаў з 25-мэтровымі вышкамі, адкуль скакалі беларускія экстрэмалы, зьбіраліся натоўпы народу.
Але пасьля таго, як ў рэгіёне распачалася эпідэмія атыповай пнэўманіі і колькасьць наведнікаў аквапаркаў імкліва скарацілася, гаспадары шоў прапанавалі ўлюбёнцам публікі не рызыкаваць здароўем і паспрабаваць працаўладкавацца ў больш бясьпечных месцах. Зьміцер кажа, што разьвітваўся з другім домам зь вялікім жалем; асабліва палюбіў мясцовых жыхароў.
(Лыскавец: ) “Усе заўсёды паціскалі рукі, прасілі сфатаграфавацца. Асабліва кітайцы — ім болей нічога ня трэба, толькі сесьці побач, сфатаграфавацца. У Сынгапуры нас пазнавалі людзі, якія прыяжджалі сюды адпачываць з Ганконгу: падыходзілі, казалі, што адмыслова прыходзілі на нашае шоў у Ганконгу. Так што, былі й свае прыхільнікі; яны ўвесь час казалі: малайцы, хлопцы, так трымаць! Зрэшты, праз нас бальшыня даведвалася наагул пра йснаваньне Беларусі. Мяне, праўда, адразу чамусьці прадстаўлялі як з Адэсы. Менск ім наагул нічога не казаў, хоць Адэса, мяркую, таксама. Я потым да вядучай падыйшоў і папрасіў: калі ласка, абвяшчайце, што я зь Беларусі, зь Менску. Яна ў інтэрнэце знайшла нашую краіну, і потым аб’яўляла толькі так. Пры кожным зручным моманце мы казалі, што зь Беларусі”.
Цяпер беларускія скакуны прапагандуюць краіну Беларусь у зусім іншых геаграфічных шыротах. Сястра Зьмітра Лыскаўца распавяла, што брат разам зь яшчэ двума менчукамі нечакана для ўсёй сям’і працаўладкаваўся ў Мэксыцы. Дэбют пераўзышоў самыя сьмелыя чаканьні: на знакамітым курорце Акапулька беларусы ўчынілі сэнсацыю, апярэдзіўшы ў афіцыйных спаборніцтвах прызнаных грандаў усясьветнага хайдэю.
Дарэчы, яшчэ два гады таму, калі я сустракаўся ў Менску зь Дзімам, ён распавядаў, што ўдзел ў гангонгскіх шоў — занятак хоць і цікавы, але ён з зайздрасьцю глядзіць на майстроў хайдэю — тыя скачуць, па-першае, з вышыні ад 30 мэтраў, а, па-другое, з вэртыкальных скалаў і наўпрост у акіян. Праз два гады Зьміцер абыйшоў многіх са сваіх куміраў.
Паводле словаў сястры Зьмітра, рэакцыя мясцовых жыхароў на беларусаў была ў чымсьці аналягічнай той, пра якую ён сам распавядаў адносна Ганконгу ці Сынгапуру. Зрэшты, сам мэр Акапулькі даў прыклад астатнім: падыйшоў да хлопцаў, моцна паціснуў ім рукі і потым доўга разглядаў “прыхадняў” зь іншага кантынэнту. Пасьля гэтага чэмпіёнам толькі заставалася засьцерагацца, каб іх не разьнесьлі на сувэніры.