Замест іх прапануецца адзін — беларуская мова і літаратура. Гэткім чынам Міністэрства адукацыі мяркуе рацыяналізаваць навучальны працэс, зьмяншаючы колькасьць прадметаў і ліквідуючы перанагрузку вучняў.
Свае прапановы Міністэрства адукацыі выклала ў “Тыпавым вучэбным пляне базавай агульнаадукацыйнае школы”. Ён надрукаваны ў ведамасным часапісе “Весьнік адукацыі”, і для пераважнай бальшыні школьных настаўнікаў дэталі прапанаванага рэфармаваньня дагэтуль невядомыя. Але сама ініцыятыва іх уразіла. Гаворыць выкладчыца з Полацку, беларуская паэтка Лера Сом:
(Сом: ) “І мова, і літаратура — гэта абсалютна асобныя, самастойныя прадметы. У кожнага зь іх свая мэтодыка выкладаньня. Я асабіста, як чалавек, які ў школе больш за дзесяць гадоў выкладае гэтыя прадметы, не магу сабе ўявіць, як я магу гэтыя два розныя прадметы выкладаць разам”.
Наступствы ж падобнага рэфармаваньня, на думку настаўніцы Леры Сом, будуць непапраўныя…
(Сом: ) “Адназначна пагоршыцца пісьменнасьць вучняў, якая зараз і без таго на вельмі нізкім узроўні, — гэта першае. Па-другое, зьнізіцца яшчэ больш узровень чытаньня твораў беларускае літаратуры”.
Навукоўцы таксама мяркуюць, што прапанову чыноўнікаў на практыцы бяз стратаў для ўзроўню ведаў, як па мове, так і па літаратуры, зрэалізаваць немагчыма. Тым больш, што ў мінулым навучальным годзе была намнога скарочаная тыднёвая колькасьць урокаў на беларускую мову і літаратуру. Цяпер, да прыкладу, у расейкамоўных школах, якіх у краіне абсалютная бальшыня, у першай клясе і ў дзясятай урокі роднай мовы бываюць толькі раз на тыдзень.
Гаворыць супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту адукацыі Яўген Лаўрэль:
(Лаўрэль: ) “Падразаюцца карані нацыянальнае школы. Раней хоць гадзінаў на мову і літаратуру было болей, тады выпускнік хоць нешта ведаў… Усе ж амаль дзеці этнічных беларусаў вучацца ў расейскамоўных школах, то, на мой погляд, наадварот у расейскамоўных школах патрэбна хаця б у два разы больш гадзінаў на беларускую мову і літаратуру, бо ў вучняў няма падтрымкі беларускасьці зь іншых прадметаў… Тут шмат пытаньняў!..”
У Міністэрстве адукацыі камэнтаваць прапановы зьліцьця мовы і літаратуры ў адзін прадмет адмовіліся, заявіўшы, што ўсё пракамэнтавана ў тлумачэньнях да праекту “Тыпавога вучэбнага пляну…”.
Вось што там напісана: “У структуры тыпавога вучэбнага пляну базавае дзесяцігадовае школы ўзмоцнена (у аб’ёме, зьмесьце і колькасьці гадзінаў) вывучэньне прадметаў прырода-матэматычнага цыклю і ўстаноўлены аптымальныя суадносіны сацыяльна-гуманітарных і прырода-матэматычных прадметаў…” Трэба дадаць, што такі лёс можа чакаць і вывучэньне расейскай мовы і літаратуры, якія таксама прапануецца аб’яднаць у адзін прадмет.