Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СА СПЭЦПРЫЁМНІКА-РАЗЬМЕРКАВАЛЬНІКА НА ВОЛЮ ВЫЙШАЎ СЯБАР МАЛАДОГА ФРОНТУ ЗЬМІЦЕР ДАШКЕВІЧ


Любоў Лунёва, Менск

Нягледзячы на летнюю гарачыню ля спэцпрыёмніка на вуліцы Акрэсьціна сабраліся каля двух дзясяткаў маладафронтаўцаў на знак салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам. Яны сустрэлі свайго сябра радаснымі воклічамі.

Зьміцер Дашкевіч — студэнт Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. У свае 20 гадоў ён ужо не ўпершыню трапляе за краты спэцпрыёмніка за ўдзел у вулічных акцыях. Гэтым разам ён сядзеў у адной камэры з пятнаццацю арыштаванымі.

(Дашкевіч: ) “На шпацыр не вадзілі. У камэры было пятнаццаць чалавек. У іншыя камэры напіхвалі, а нам болей не кідалі... “Туняядцы”, вядома ж. Было класна сядзець! Сеў — выйшаў — сустрэлі… Ну, было цяжкавата, канечне. Але, што рабіць? За Радзіму 10 сутак — гэта нармальна. Атрымаў дзьве перадачы. А, так... Ну, катлетка, баланда. Есьці можна. Усе ядуць і я таксама”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьнікла жаданьне ўдзельнічаць у акцыях?”

(Дашкевіч: ) “Не! Як яно зьнікне!? Калі сустракаюць такія сябры, яно яшчэ больш напаўняецца”.

Зьмітра Дашкевіча сустракаў і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец.

(Севярынец: ) “Умовы на Акрэсьціна — усе ведаюць якія. Але расьце пакаленьне, гатовае трываць зьдзекі, і тую самую баланду, і задуху дзеля таго, каб выйсьці і сказаць усёй краіне: “Жыве Беларусь!” Безумоўна, усе маладафронтаўцы і ў, першую чаргу, тыя, хто адседзеў на Акрэсьціна, толькі ўмацаваліся ў сваім жаданьні змагацца за Беларусь. Малады Фронт будзе змагацца і ў бліжэйшы месяц правядзе яшчэ колькі акцыяў”.

Такім чынам, з-за кратаў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка выйшаў апошні палітвязень. Упершыню за апошнія тры месяцы ў камэрах гэтай сумнавядомай установы няма палітычных вязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG