Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ 7-Ы СПРАВАЗДАЧНА-ВЫБАРНЫ СХОД СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ БЕЛАРУСКАГА


Галіна Абакунчык, Менск

Удзельнікі зьезду адзначылі, што пасьля папярэдняга перавыбарчага сходу, які адбыўся ў 2000 годзе, дзейнасьць дэмакратычных прафсаюзаў у Беларусі, у тым ліку й Свабоднага, значна ўскладнілася. Сярод найвастрэйшых праблемаў яны канстатавалі ўскладненьне ўмоваў рэгістрацыі мясцовых суполак, немагчымасьць заключэньня калектыўных пагадненьняў на прадпрыемствах, адміністрацыйны перасьлед актывістаў руху. Таму найвялікшым дасягненьнем у гэтых умовах лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў лічыць захаваньне структуры. Гаворыць Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Мы засталіся, мы ёсьць — і гэта плюс. Бо ўлады рабілі й робяць усё, каб свабодных дэмакратычных прафсаюзаў увогуле не было. Як толькі гэтыя перашкоды зьнікнуць, то нас будзе ня тры, а трыццаць тысячаў”.

Адзіны кандыдат на пасаду старшыні Свабоднага прафсаюзу Віктар Андрэеў, прапанаваны ў якасьці альтэрнатывы Генадзю Быкаву, заявіў таксама і пра ўнутраныя праблемы прафсаюзу, якія ён і вынес на абмеркаваньне зьезду. Гаворыць Віктар Андрэеў.

(Андрэеў: ) “Прафсаюз моцны тым, што рэальна абараняе правы сваіх сяброў. Слабое — што няма стратэгіі разьвіцьця. Фактычна, прафсаюз займаецца тым, што адбіваецца ад тых праблемаў, якія ёсьць. Таму мае сёньняшнія прапановы — пра стратэгічнае разьвіцьцё”.

Прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі працы Стэн Тофт Пэтэрсэн, які гэтаксама браў слова, зазначыў, што многія ўнутраныя праблемы прафсаюзаў ёсьць вынікам наступу ўладаў на дэмакратычны прафсаюзны рух. Паводле яго, невыкананьне кіраўніцтвам краіны канвэнцыі МАП стане прадметам абмеркаваньня на чарговым паседжаньні арганізацыі ў Жэневе, якое адбудзецца ў чэрвені. Гаворыць Стэн Тофт Пэтэрсэн.

(Пэтэрсэн: ) “Мы спадзяемся, што на чэрвеньскую канфэрэнцыю МАП урад Беларусі прыедзе з дакладам пра зробленыя крокі па выпраўленьню становішча. Пакуль што гэткіх крокаў мы ня бачым”.

На зявяршэньне першага дня зьезду ягоныя ўдзельнікі прынялі заяву пра эканамічнае становішча ў кране, пра парушэньні выбарчага заканадаўства і парушэньні правоў прафсаюзаў. Заключны дзень зьезду будзе прысьвечаны абмеркаваньню пэрспэктываў дзейнасьці на 2003-2006-я гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG