Напрыклад, Аліна Суравец піша, што ёй не далі зьвесткі пра беспрацоўе — у цэнтры занятасьці спаслаліся на забарону, атрыманую ад чыноўніка раённага выканкаму. Міліцыя часова затрымала распаўсюдніцу газэты. Яе вазілі нават у падатковую інспэкцыю, але парушэньняў не знайшлі і мусілі адпусьціць.
Пакуль выпуск “Новой газеты Сморгони” быў прыпынены, замест яе выйшлі тры нумары менскай рэклямнай газэты “Час+ТВ”, аднак яна не зьмяшчала інфармацыі. Меркаваньне заснавальніка “Новой газеты Сморгони” Рамуальда Ўлана:
(Улан: ) “Жыхарам патрэбныя мясцовыя навіны, а ня проста рэклямны дадатак з праграмаю і абвесткамі. Такіх газэтаў шмат, яны ў кожным шапіку прадаюцца”.
У гэтым нумары “Новой газеты Сморгони” сапраўды ёсьць што пачытаць. ТБМ вырашыў дапамагчы выдаваць газэту таму, што сп. Улан зьяўляецца сябрам смаргонскай суполкі Таварыства. Раней газэта была цалкам расейскамоўнай, у будучыні палова матэрыялаў будзе друкавацца па-беларуску. У апошнім нумары якраз зьявілася вялікая публікацыя на беларускай мове, прысьвечаная мясцовым народным майстрам.