Гэтымі днямі школа разьвітваецца з чарговым навучальным годам. Сьвяточны настрой ва ўсіх, акрамя выпускнікоў. Найперш іх хвалююць не экзамены, а падрыхтоўка да заключнага вечару разам з сябрамі-аднакласьнікамі і любімымі настаўнікамі.
Раней апошнюю школьную сустрэчу часта называлі словам зь яскравым адценьнем урачыстасьці, узьнёслага рамантызму — балем. А зараз звычайна кажуць па-іншаму: выпускны вечар. Розьніца адчувальная. Час ня тое каб апусьціў планку пачуцьцяў, эмоцыяў — ён проста істотна зьмяніў у гэтым сьвяце прапорцыю паэтычнага і празаічнага на карысьць апошняга.
У выпускнікоў новага стагодзьдзя заўважна паменела блакітных мараў, дзіцячых ілюзіяў пра сваё заўтрашняе дарослае жыцьцё і дадалося неюнацкіх трывогаў, клопатаў, прагматызму... Аднак хоць лірыка і саступае фізыцы, жаданьне адчуць сябе на тым хай сабе й вечары Наташай Растовай, пабачыць, як захапляюцца табою, паймаць закаханыя погляды застаецца такім жа вострым, як і ў мінулым, і пазамінулым стагодзьдзях... Гэта — па-за часам. Над часам... Вось якім бачыцца апошняя сумесная вечарына з выпускнікамі дырэктару Дукорскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёну Мікалаю Панюшэнка.
(Панюшэнка: ) “Рыхтуюцца вельмі добра, запрашаюць на гэтае сьвята бацькоў, сваіх знаёмых. Вельмі шмат людзей на балі. Ёсьць рашэньне раённага выканкаму пра забарону напояў, таму вечар праходзіць без ужываньня напояў. Вельмі шмат сьлёз, бо яны разьвітваюцца з такой цудоўнай для іх установай, як гэтая школа. Адзінаццаць жа год працавалі разам, вучылі. Атрымлівалі ад бацькоў маленькага чалавечка — а зараз як прыгожа апрануцца, дык зусім дарослыя…”
Паколькі вельмі хочацца пачаць размову зь лірыкі, то рэпліку паважанага спадара дырэктара пра безалькагольнае разьвітаньне зь дзяцінствам пакінем пакуль без камэнтару. І дадзім слова такой зусім ужо дарослай Тацяне зь Лёзна.
(Тацяна: ) “Вучоба нашая ў школе лічы што скончылася. Дзяўчаты езьдзяць па кірмашах, глядзяць часопісы з модамі. Гавораць толькі пра тое, хто якую сукенку купіць, які абутак пад яе падабраць, сумачку якую, прычоску… Хлопцы пазіраюць на дзяўчат, як на ненармальных, бо тыя толькі пра шмоткі й гавораць. На выпускны нават ісьці страшна! Раптам апранеш нешта такое, што не спадабаецца нашым… Усе так сур’ёзна да гэтага ставяцца… Ну, апранулі б сукенкі прыгожыя, ды й усё! А то не выпускны баль, а катастрофа нейкая!..”
Мяркуючы па ўсім, пра катастрофу Тацьцяна ўзгадала проста так, у эмацыйным запале, для чырвонага слоўца. Ня варта дужа нэрвавацца, калі ёсьць магчымасьць апрануцца з аглядкаю на парады моднага часопісу. Куды больш, аднак, сярод сёлетніх выпускнікоў такіх, для каго тое сьвяточнае адзеньне сапраўды сталася праблемаю. Асабліва востра яна адчуваецца ў вясковых школьнікаў. Ды як можа быць па-іншаму, калі сярэдні заробак іхных бацькоў ўсяго каля 60 тысячаў рублёў? Паспрабуй апраніся! Тут ужо лірыка са слязьмі на вачах... Пра тое, як выкручваюцца ў такой сытуацыі, расказвае Сьвятлана, учарашняя выпускніца сярэдняй школы Калінкавіцкага раёну.
(Сьвятлана: ) “Выпускны баль вылез мне ў капеечку. Каб купіць матэрыял на сукенку, давялося ехаць у горад, бо ў нашай вёсцы няма ніякіх крамаў, акрамя прадуктовай. Там я патраціла дваццаць тысячаў, мамка пашыла сукенку. Туфлі абыйшліся ў сорак тысячаў, таксама белыя, як і матэрыял… Яшчэ трэба было купіць падарунак. Мы складываліся па 10 тысячаў. На вечар трэба было здаць па трыццаць тысячаў, а таксама прынесьці ці яйкі, ці курыцу — што ў каго было. Усё гэта выйшла за сто тысячаў. А маці зарабляе сорак, татка — столькі ж. Апошнія месяцы мамка адкладвала на мой вечар, езьдзіла ў горад, прадавала малако, гуркі марынаваныя, бульбу — усё, што засталося зь зімы. Аднак жа вечар выдаўся так сабе… Бо хлопцы нашыя панапіваліся. Прыходзілі мы з бацькамі. Бацькі таксама п’яныя… Дзеўкі усе разышліся. Хто куды пайшоў: хто спаць, хто сам па сабе гуляць. І вось — столькі грошай аддалі… А за што, немаведама”.
Безграшоўе, як бачна, сталася важкай прычынаю, каб узьнёслыя, бесклапотныя выпускныя балі паступова ператварыліся ў разьвітальныя вечарыны, часам такія вось няўдалыя. Добра яшчэ, што ў вёсцы Сьвятланы на фінішы сьвята абыйшлося без панажоўшчыны…
А трагічных прыкладаў хоць адбаўляй: нездарма дырэктар Дукорскай школы ўзгадваў пра спэцыяльнае рашэньне раённага выканкаму абмежаваць у такія дні продаж алькагольных напояў. І хоць да таго падключаюць міліцыю — навесьці належны парадак не ўдаецца. Надзвычайныя выпадкі, на жаль, сталі спадарожнікамі, прыкметаю выпускных вечарынаў... Спадарыня Людміла, маці выпускніцы-дзевяціклясьніцы з Воршы, радуецца: “…піць, “як дарослыя”, дзеці пачынаюць у асноўным напрыканцы школы!.. А каб раней, то ня ведала б, што й рабіць...” Вось колькі “выпускных” налічыла яна ў кароткім жыцьці сваёй Лены.
(Людміла: ) “Усё жыцьцё — адзін суцэльны выпускны!.. Дзіцячы садок прайшлі — выпускны. Выхавацелям кветкі, падарункі… Выпусьціліся! Далей пачатковая школа: чатыры клясы скончылі — зноў выпускны. Амаль што вясельле: кавярня, падарункі… І ўжо ня толькі настаўніцы падарунак — дырэктарцы падарунак, школе падарунак, клясу адрамантавалі, шпалеры новыя паклеілі…Ну, а цяпер дзявятая кляса. І ўсё па-новай: школе падарунак, настаўнікам… Цяпер ужо настаўніца не адна, іх цяпер шмат. І паспрабуй на каго-небудзь забыцца. Ого! Я, канечне, усё разумею, і я іх усіх паважаю. Але ж у мяне толькі адзіны заробак!!! Дзе ж мне столькі грошай узяць, каб ня толькі дзякуй усім сказаць, але яшчэ й падарункі купіць!”
Неяк неўпрыкмет размова зайшла пра тое, колькі каштуе дабрацца ды выпускнога вечару, у якую суму абыходзіцца беларусам гарантаваная Канстытуцыяй гэтак званая бясплатная сярэдняя адукацыя. Дэкляраванае права навучацца за кошт дзяржавы ўступіла апошнім часам у жорсткую сутычку з эканамічнымі рэаліямі. Так, школы Берасьцейскае вобласьці летась атрымалі толькі 70% ад неабходнай сумы. Ня дужа зьмянілася сытуацыя і сёлета. Пры гэтым ня ўлічваецца — кожная чацьвертая школа патрабуе капітальнага рамонту. Ці варта казаць, што ва ўсходніх рэгіёнах краіны справы яшчэ горшыя?
Аднак насуперак праўдзе многія настаўнікі пра тое ня дужа любяць казаць, бо па даўняй школьнай завядзёнцы засьцерагаюцца крытыкі дзяржаўнае палітыкі. Вось, напрыклад, развагі намесьніцы дырэктара Раманавіцкай адзінаццацігодкі Гомельскага раёну Вольгі Гузавай…
(Гузава: ) “Я думаю, бясплатная. Сярэдняя школа — бясплатная”.
А яе дачка другаклясьніца Дзіяна Гузава сказала зусім іншае, паправіла маці, заявіла, што грошы ў школе ўсё ж зьбіраюць.
(Дзіяна: ) “На фарбу, на шторы — на ўсё!”
Бабуля дзяўчынкі паспрабавала выправіць няёмкую сытуацыю і як магла, падтрымала сваю дачку-настаўніцу…
(Бабуля: ) “Я б не сказала, што моцна платная. Яшчэ можна цярпець. Выдаткі ёсьць, але цярпець можна. Трэба шмат, канечне, чаго...”
Таму й вымушаны амаль паўсюдна створаныя апякунскія рады рэкамэндаваць бацькам скідвацца, каб дзеці маглі атрымаць больш-менш прыстойнае навучаньне. Пры гэтым лічыцца, што тыя ўнёскі — выключна дабрахвотная справа. Гэтаксама афіцыйна зацьверджанымі адміністрацыйна-праўнымі дакумэнтамі забаронены малейшы ціск адміністрацыяў на грашовую “ініцыятыву” тых радаў.
Аднак у рэальнасьці ўсё робіцца з адваротнай дакладнасьцю: дырэктар загадаў, клясныя загад прадублявалі бацькоўскаму актыву, і дзеці прынесьлі патрэбную суму. Бо нікому ня хочацца, каб настаўнікі касавурыліся на іхных Коляў ды Валяў, крыўдзілі заніжанымі адзнакамі... У шэрагу рэгіёнаў стыхійна сфармавалася своеасаблівая маўкліва ўзаконеная такса: раз у квартал кожны вучань мусіць здаць на рамонт палову мінімалкі…
Але гэта далёка ня ўсё! Распавядае Тамара Карлінская, маці васьміклясьніцы баранавіцкай школы №19.
(Карлінская: ) “Вось ужо зараз паборы ідуць: на рамонт клясы — гэта раз; нейкі адсотак бяруць яшчэ й на рамонт школы. Таму што на школу не выдаткоўваецца ніякіх грошай, усе прыборы, што там стаяць, аднаразовыя: пабілася нешта — дапаўняць няма чым. Пытаюся: чаму дзеці ня могуць зайсьці ў кабінэт? “Шу, вы ведаеце, зараз дзеці зойдуць, разаб’юць шкло. Чым я яго пасьля замяню? Фанэраю?” Дык жа павінны нейкія фонды вылучацца, каб можна было пры выпадку зашкліць тую ж шафу. “А хто, — кажуць, — вам такое сказаў? Нам ужо даўно нічога не выдзяляецца”. Само па сабе, зьбіраюць грошы на харчаваньне. Шаснаццаць тысячаў на харчаваньне йдзе, але харчаваньне — так сабе. Жанчыне, што накрывае на сталы дзецям, таксама зьбіраюць па пяцьсот рублёў. Зараз яшчэ “навязалі” на нашу школу вартаўнікоў. Нешта накшталт наглядчыкаў. Я кажу: “слухайце, каго яны будуць ахоўваць?” — “Дзяцей. Каб не трывожылі, калі ідзе ўрок”. І вось стаіць ахоўнік-міліцыянт і не прапускае ў школу незнаёмых. І з кожнага вучня па пяцьсот рублёў мусяць бацькі плаціць яшчэ й на гэта. Гэта, мабыць, проста міліцыянтаў набралі столькі, што ўжо няма куды іх падзець, і вось іх нахабна ўсоўваюць у школы, як быццам, там будзе больш парадку”.
Свой погляд на гэтак званае бясплатнае навучаньне выказвае і былая выпускніца сьветлагорскай школы №___ Натальля.
(Натальля: ) “Нашая бясплатная школа — як нашая бясплатная мэдыцына. Спачатку мы зьбіраем грошы на падручнікі, потым на дзень нараджэньня нашай настаўніцы, потым на Новы год, далей — на 8 Сакавіка. Напрыканцы году — на падарунак настаўніцы з гэтай нагоды. А яшчэ трэба адрамантаваць клясу, пафарбаваць падлогу — і на ўсё патрэбныя грошы”.
Дарэчы, розныя дробныя падарункі школьным настаўнікам сталі гэткай жа нормай, як чакалядкі з каньяком ды цукеркі з шампанскім для лекараў. Праўда, на зьбяднелай вёсцы “матэматыкам” ды “філёлягам” апошнім часам болей нясуць ужо яйкі ды сала... Нэндза вымушае бацькоў думаць пра тое, каб хоць дзеці выбіліся з галечы. Паратунак бачаць у адукацыі, магчымасьці набыць “гарадзкую” прафэсію. Вось і нясуць той саматужны, з дазволу сказаць, хабар, каб улагодзіць настаўнікаў, упрыгожыць праз тое выпускны атэстат добрымі адзнакамі... А пэдагогі ў сваю чаргу мусілі прыняць такія правілы гульні з бацькамі, бо стодаляравы заробак не дазваляе жыць па-людзку. Так пакрысе “бясплатная” школа і апускае выхаваўчую, адукацыйную планку…
Пытаемся ў дырэктара Дукорскай школы спадара Панюшэнкі, што найбольш клапоціць яго перад выпускным?
(Панюшэнка: ) “Вядома, шмат праблемаў. Душэўныя пакуты. Асабліва ў цяперашні час. Куды ж пойдзе гэтая выпускніца або выпускнік? Складаны час для тых дзяцей, якія атрымалі поўныя веды, але ж, калі вось узяць канкураваць з выпускнікамі ліцэйскіх клясаў, з выпускнікамі гімназіяў, то ім вельмі й вельмі складана. Хаця пры паступленьні ў вышэйшую ўстанову ім і накідваецца нейкі бал, за тое, што яны “сельскія”, але гэта вельмі й вельмі мала”.
Алеся Навашынская — выпускніца Дукорскай школы. Зьбіраецца паступаць у Акадэмію пры прэзыдэнце.
(Алеся: ) “Калі ўзяць гарадзкую і сельскую школу, то вялікая розьніца — што ў горадзе вучыцца, што ў вёсцы. Там патрабаваньні і тут — зусім розныя”.
А вось думка ейнага кляснага кіраўніка гісторыка Аляксандра Сазонава…
(Сазонаў: ) “Безумоўна, я згаджуся і з Алесяй Навашынскай — у горадзе магчымасьці большыя. Бо фундатары багацейшыя. Ну але ж калі ўзяць з гісторыі, то каб даць адукацыю, сяляне наймалі за свае грошы і хаты і настаўніка, і вучыліся, і выбіваліся ў людзі. З торбачкай адпраўляліся, клалі туды лусту хлеба, солі, падручнікі ды ішлі пешшу. І сталі людзьмі, якімі ганарыцца нашая Бацькаўшчына”.
Спадар Сазонаў хацеў дадаць сваёй выпускніцы ўпэўненасьці, падбадзёрыць яе. Але па ўсім заўважалася: гістарычныя паралелі ня вельмі натхнілі дзяўчыну... Слухаць напярэдадні выпускнога пра торбачку з прасоленай скібаю хлеба — не, гэта зусім ня клалася на душу Алесі, і яна хуценька зьбегла. Мабыць, у чарговы раз прымяраць, падрабляць сьвяточную сукенку. Каб адчуць сябе на тым балі Наташай Растовай новага стагодзьдзя...