Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ ЗАМЕЖНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ЛІЧАЦЬ, ШТО БЕЛАРУСЬ ЯШЧЭ МАЕ ШАНЦЫ СТАЦЬ СЯБРОМ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Старшыня італьянскага Гельсынскага камітэту Антоніё Станга, які ўдзельнічае ў менскай канфэрэнцыі, лічыць, што нягледзячы на недэмакратычнасьць цяперашніх уладаў Беларусь яшчэ ня страціла шанцы стаць у будучыні сябрам Эўрапейскага Зьвязу:

(Станга: ) “Мы лічым, што сытуацыя ў Беларусі будзе паляпшацца, і з часам Беларусь будзе адпавядаць стандартам краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу. Спэцыфіка Беларусі розьніцца ад Расейскай Фэдэрацыі. Нават памер краіны гаворыць пра тое, што Беларусь будзе прасьцей уключыць у Эўразьвяз, і ў рэшце рэшт гэта хутчэй за ўсё адбудзецца. Трэба думаць пра больш шчыльнае супрацоўніцтва між Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам”.

На ягоную думку Беларусі трэба як мага хутчэй пачынаць дэмакратычныя рэформы.

Гэтая міжнародная канфэрэнцыя арганізаваная беларускім Гэльсынскім камітэтам пры падтрымцы праграмы Эўразьвязу “TACIS”. Гаворыць старшыня БГК Тацяна Процька:

(Процька: ) “Галоўная мэта паглядзець, якія неабходна зрабіць крокі ў разьвіцьці грамадзтва каб пабудаваць свабодную, квітную краіну. Мы прызвычаіліся аб’ядноўвацца супраць — супраць Лукашэнкі, ці супраць таго, што ёсьць. Але найбольш канструктыўным ёсьць аб’яднаньне “за”. За свабоднае, квітное грамадзтва, за законнасьць, за дэмакратыю, правы чалавека, незалежнасьць нашае краіны. За інстытут прыватнае ўласнасьці”.

Праграма неабходных захадаў у стварэньні вольнага грамадзтва, якую маюць прыняць удзельнікі канфэрэнцыі, базуецца менавіта на гэтых 5-ці прынцыпах, пра якія сказала старшыня беларускага Гельсынскага камітэту.

Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў Сяргей Скрабец гаворыць, што праграма, прынятая на канфэрэнцыі, можа быць ўзята за аснову будучага дэмакратычнага руху дэпутатаў усіх узроўняў:

(Скрабец: ) “Зараз паміж дэпутатамі праходзяць кансультацыі ў справе гэтай праграмы. Ёсьць некалькі заўвагаў, але ўвогуле яна нам падабаецца. Думаю, у бліжэйшы час мы разгледзім праграму ў дэпутатцкай групе, каб прыняць яе за аснову дэпутацкага руху ўсіх узроўняў Беларусі”.

Усе прапановы па ўмацаваньні ў Беларусі грамадзянскае супольнасьці, выпрацаваныя ўдзельнікамі канфэрэнцыі, будуць накіраваныя ў міжнародныя арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG