Паводле праграмных напрацовак, найвастрэйшай эканамічнай праблемаю ў Беларусі ёсьць напаўразбуранаая прамысловасьць, адсутнасьць інвэстыцыяў, прыхаванае беспрацоўе і галеча. Пры гэтым экспэрты МАП заяўляюць, што прафсаюзы здольныя станоўча паўплываць на становішча. Але толькі ў выпадку канструктыўнага дыялёгу паміж урадам і наймальнікамі, які, аднак, сёньня адсутнічае, а правы прафсаюзаў парушаюцца, — кажа прадстаўнік бюро Міжнароднай арганізацыі працы Франк Хофэр.
(Хофэр: ) “Што тычыцца становішча прафсаюзаў у Беларусі, то мы трымаемся перакананьня, што тут ёсьць парушэньні фундамэнтальнай канвэнцыі МАП. І гэта заўсёды адмоўна ўплывае на патэнцыял сацыяльнага дыялёгу. Але мы мяркуем, што неабходна ўсё ж распачынаць рабіць прапановы па выхаду зь цяперашняга становішча. Бо відавочна ўсім, што сёньняшняе эканамічнае становішча ў Беларусі не задавальняе многіх. Другое пытаньне, як гэта ўспрымаецца ў часе дыялёгу”.
Праграму рэфармаваньня беларускай эканомікі экспэрты Міжнароднай арганізацыі распрацавалі з мэтаю прапанаваць яе ў якасьці эканамічнай плятформы для ўсіх прафсаюзаў Беларусі. Таму на ўдзел у яе абмеркаваньні былі запрошаныя лідэры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі й шэрагу незалежных аб’яднаньняў. Аднак прэзэнтацыю праграмы праігнаравалі кіраўнікі ФПБ і ўладныя чыноўнікі. Вось, як гэта пракамэнтаваў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.
(Ярашук: ) “Мы гаворым пра праблемы, якія датычаць лёсу нашай дзяржавы, эканомікі, грамадзтва, лёсу сябраў прафсаюзу. На жаль, чарговы раз усё гэта праігнаравана й гэткім чынам прадэманстравана, што яны самыя разумныя, што яны недатыкальныя. Пазыцыя, на маю думку, згубная, бо ўсё адно настане такі час, што давядзецца рабіць нейкія высновы. Або гэты ўрад скончыць сваю дзейнасьць бясслаўна”.
У чэрвені прадстаўнікі Міжнароднай арганізацыі працы намерваюцца абмеркаваць праграму рэфармаваньня эканомікі Беларусі з удзелам прадстаўнікоў ураду, Нацыянальнага сходу, іншых дзяржаўных структураў, а таксама — наймальнікаў і прафсаюзаў. Міжнародная арганізацыя працы гэткім чынам змушае кіраўніцтва краіны ісьці на шырокі грамадзкі дыялёг.