Леаніда Клугіна абвінавачваюць у злоўжываньні службовым становішчам, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і невяртаньні з-за мяжы валюты. Паводле меркаваньня пракуратуры, гэтымі дзеяньнямі былы дырэктар “Атлянту” нібыта нанёс дзяржаве грашовых стратаў больш чым на мільярд рублёў. У прамове пракурора Рамашэўскага таксама прагучала, што Калугін нібыта “прычыніў шкоду інтарэсам Беларусі й кіраўніку дзяржавы”. Сам Леанід Калугін інакш ацэньвае сваю дзейнасьць на пасадзе дырэктара “Атлянту”.
(Калугін: ) “Я заўсёды клапаціўся пра інтарэсы калектыву, вытворчасьці, дзяржавы. З 1989 па 2001 год я быў дырэктарам прадпрыемства. “Атлянт” у той час пасьпяхова разьвіваўся, было створана больш за 5 тысячаў новых працоўных месцаў, рэгулярна выплачваліся заробкі й падаткі дзяржаве, не затрымліваліся плацяжы за энэрганосьбіты, прычым мы не карысталіся ільготамі. Лічу, што стратаў прадпрыемству і дзяржаве за гэтыя годы я не прынёс. Што ж да абвінавачаньняў, якія мне прад’яўленыя, мушу заявіць, што яны неабгунтаваныя, у маіх дзеяньнях на пасадзе генэральнага дырэктара няма прыкметаў злачынства”, — заявіў суду Леанід Калугін.
Сёньня ж пракурор азнаёміў суд са сьпісам доказаў віны Калугіна, якія сабралі сьледчыя. Тут і паказаньні былых падначаленых Калугіна, і сьведчаньні супрацоўнікаў Нацбанку, і зьвесткі розных праверак ды экспэртызаў. Напрыклад, паводле загаду Калугіна на адліўку царкоўных званоў пайшло 210 кіляграмаў срэбра, якое прызначалася для вытворчасьці лядоўняў. А на пакрыцьцё царкоўных купалоў пайшло 190 грамаў сусальнага золата, закупленага коштам заводу. Сьледзтва лічыць, што таксама не па прызначэньні былі выкарыстаныя яшчэ сотні мільёнаў рублёў “атлянтаўскіх” грошай — на рэлігійную літаратуру ды іконы, праект храма і іншыя мэты.
Абараняюць Калугіна адвакат Аляксандар Пыльчанка, вядомы ўдзелам у працэсах над Міхаілам Чыгіром, а таксама дачка Калугіна Ірына. Паводле іх ранейшых заяваў, яны паспрабуюць пераканаць судзьдзю Алену Ільіну ў тым, што калі Калугін нешта і рабіў насуперак правілам, то гэта былі не злачынствы, а толькі гаспадарчыя памылкі.
Аднак цяпер адвакаты не жадаюць кантактаваць з журналістамі, спасылаючыся на загад свайго падабароннага, які й сам ад камэнтароў адмаўляецца. У тым ліку ён не жадае адказваць на пытаньні пра магчымыя палітычныя матывы ягонага перасьледу. Нагадаю, што Леанід Калугін у 2001 годзе спрабаваў вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта краіны, але ня быў зарэгістраваны кандыдатам. А праз колькі месяцаў яго арыштавалі.