Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ПАЧЫНАЕ ПАДРЫХТОЎКУ ДА ПАРЛЯМЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ 2004 ГОДУ


Уладзімер Глод, Менск

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што цяпер ідуць інтэнсіўныя перамовы зь іншымі партыямі, якія ўжо выказалі палітычную волю весьці размову пра стварэньне адзінага апазыцыйнага сьпісу.

Што тычыцца 110 дублёраў, дык іхная неабходнасьць тлумачыцца тым, што ўлады напэўна будуць здымаць апазыцыйных кандыдатаў з перадвыбарчай гонкі, як было на выбарах у мясцовыя саветы.

Пакуль ня вырашана пытаньне, ці гэты сьпіс у пэрспэктыве можа выйсьці за межы партыйных кандыдатураў і стаць агульнадэмакратычным. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Ёсьць дыскусія. Напрыклад, БНФ і Статкевіч гавораць: гэта мусіць быць жорстка кватаваны паміж партыямі сьпіс. Мы зыходзім з таго, што ў гэты сьпіс мусяць быць інтэграваныя і іншыя. Напрыклад, калі ёсьць у Фралова рэальных 5-6 дэпутатаў, яны мусяць быць у гэтым сьпісе. Ёсьць пэўныя асобы, Марыніч, напрыклад, яму таксама павінна быць месца ў сьпісе. Гэта падыход АГП”.

Намесьнік старшыні БСДП “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк цалкам не адкідае магчымасьці агульнадэмакратычнага сьпісу кандыдатаў:

(Нісьцюк: ) “У нас няма зараз на ўсе 110 акругаў кандыдатаў. І тры партыі, і восем партыяў зараз на 110 акругаў 220 чалавек ня знойдуць. Трэба шукаць не чалавека, які да партыі належыць, а чалавека, які здольны перамагчы. Таму мы ніколі не былі супраць, каб у гэтых сьпісах былі беспартыйныя людзі. Пытаньне ў іншым — у якой ступені падтрымліваць іх? Тут пытаньне такое, што, канечне, прыярытэт будзе аддавацца тым кандыдатам, якія вылучаны ад партыяў”.

Што тычыцца партыі БНФ, дык яе лідэр Вінцук Вячорка заяўляе, што на гэты конт ёсць адпаведнае партыйнае рашэньне:

(Вячорка: ) “У нас даўным-даўно, яшчэ да пачатку мясцовых выбараў, прынятае рашэньне Сойму — мы падтрымліваем толькі сяброў партыі. У нас ёсьць законнае рашэньне на гэта. Гэта ня ёсьць пытаньнем для нейкіх перамоваў”.

Спадар Вячорка дадаў, што гэтае рашэньне Сойму не забараняе ўдзельнічаць у перамовах зь іншымі партыямі ў справе выбарчых кампаніяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG