Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПРЫМУШАЮЦЬ БЕЛАРУСКІХ АЎТАПЕРАВОЗЧЫКАЎ ПЕРАВОДЗІЦЬ БІЗНЭС ЗА МЯЖУ


Ігар Карней, Менск

Бальшыня беларускіх аўтаперавозчыкаў купляе патрыманыя замежныя грузавікі для міжнародных перавозак, карыстаючыся ільготным рэжымам часовага ўвозу. Дагэтуль дзейнічала ўрадавая пастанова ад 1997 году, якая ў такіх выпадках вызваляла ад мытных плацяжоў. Чаму тэрмінова спатрэбілася скасаваць ранейшыя палёгкі, тлумачыць адзін з супрацоўнікаў Мытнага камітэту.

(Супрацоўнік Мытнага камітэту: ) “Гэта пытаньне прэзыдэнта, таму ўсё вельмі сур’ёзна. Пастанову Саўміну куруе сам Лукашэнка. Усё завязанае на бюджэце, бо ўсе льготы рэглямэнтуе ў нас адзін чалавек. Сама пастанова наогул яшчэ сырая. Тарыфы не падрыхтаваныя, таму ўсё можа нахіліцца як у зваротны бок, гэтак і ў новы. Але зараз кошты бяруцца па-новаму — дадатковыя 3% ад мытнага кошту штомесяц. Патрэбныя яшчэ ўзгадненьні ў Мінюсьце, Мінфіне, тарыфы пакуль напішуць — ня ўсё так хутка”.

Нягледзячы на тое, што памеры мытных збораў пакуль распрацоўваюцца, гэтак званая “растаможка” ўжо пералічваецца па-новаму. Прычым, патрабуюць папярэдняй аплаты ў памеры ўжо згаданых 3% ад мытнага кошту за год наперад. Сталічны перавозчык Віталь Кавалеўскі сутыкнуўся з тым, што яму налічылі за 17-гадовы грузавы “Мэрсэдэс” 36 тысячаў эўра.

(Кавалеўскі: ) “Раней за часовы ўвоз, лічы, нічога не плацілі: плацілі падаткі, і ўсё. А зараз часовы ўвоз — гэта завоблачныя кошты, і плаціць трэба наперад. Карацей, закон робяць так, што ўсё — кропка, ніякай альтэрнатывы не застаецца. Растаможыць за 36 тысячаў эўра грузавік 85-га году? Ён у лепшым выпадку за год прынясе 8 тысячаў даляраў прыбытку. А ў дадатак трэба яшчэ растаможыць паўпрычэп. Вось і ўся арыфмэтыка. Сапраўдны дурдом, усе на вушах стаяць!.. Мой партнэр, дырэктар буйнога прадпрыемства “Кёнігстранс”, зьбіраецца перагнаць свае машыны ў Польшчу. “Белмагістральаўтатранс” сыходзіць у Расею. Я для сябе на бізнэсе пакуль гэтаксама крыж паставіў. Адным наскокам, як заўсёды, бахнулі, і ўсё”.

Аўтаперавозчыкі спадзяюцца, што ва ўрадавыя экспэрты ня пойдуць на радыкальныя захады. Бо адсутнасьць на беларускім рынку айчынных перавозчыкаў тут жа кампэнсуюць бізнэсоўцы з суседніх краінаў — найперш з Расеі. У выніку грошы ад міжнародных перавозак паплывуць за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG