Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ЗЬ НЯМЕЦКАГА АБЭРКОХЕНА ДАСТАЎЛЕНЫ ЎНІКАЛЬНЫ МЭДЫЧНЫ МІКРАСКОП


Ул. інф.

З наступнага тыдня нямецкі прафэсар разам са сваімі калегамі з 9-й менскай клінікі правядзе шэраг унікальных апэрацыяў, якія да таго ж мусяць стаць і вучэбнымі для прадстаўнікоў іншых беларускіх шпіталёў. Размова ідзе збольшага пра апэрацыю выдаленьня пухліны слыхавой нэрвы, альбо акустычнай нэўрыномы.

Пухліна гэта не злаякасная, яна не пагражае жыцьцю. І таму стаўленьне да канкрэтнай праблемы на ўзроўні айчыннай сыстэмы аховы здароўя, скажам так, неахайнае. Ну, жывуць людзі з гэтай хваробай – хай і жывуць, гэта ня рак. Але калі знаёмісься з гісторыяй хваробаў, то пераконваесься, што нават самая маленькая нэўрынома, да сантымэтру дыямэтрам, можа зрабіць з маладога чалавека інвалідам. Тыя хворыя, якіх рыхтуюць да апэрацыі з удзелам прафэсара Ланкша, робяць уражаньне надзвычай бездапаможных людзей. Яны амаль нічога ня чуюць, у іх паралізаваныя нэрвы твару. Акрамя таго, у гэтых людзей пашкоджаны вэстыбулярны апарат, яны ня могуць нармальна рухацца. Яны фактычна выключаныя з жыцьця соцыюму.

Ці можа дапамагчы гэтым хворым менавіта цайсаўскі мікраскоп, які немцы дораць менскаму шпіталю? Нэўрахірургі ва ўсім сьвеце лічацца “каставымі хірургамі”. Яны працуюць з надзвычай тонкімі тканкавымі структурамі – гэта мікроны. Таму мікраскоп для нэўрахірургіі – такая ж неабходная прылада, што й той жа скальпэль.

Калі браць непасрэдна тыя апэрацыі, якія будзе праводзіць нямецка-беларуская хірургічная брыгада, выдаленьне акустычных нэўрыномаў, пухлінаў заходняй долі мозгу і гэтак далей, то без падобнага мікраскопу, які можа павялічваць больш як у шэсьць разоў, апэрацыі мелі бы пэўную рызыку для пацыента. Выпадкова маглі б закранацца розныя нэрвовыя цэнтры – хворыя пазбаўляліся бы пухлінаў, але станавіліся сьляпымі, глухімі й гэтак далей. З цайсаўскім мікраскопам рызыка становіцца мінімальнай.

Вельмі істотны момант: цайсаўскі мікраскоп падключаецца да цэнтральнага кампутару, які знаходзіцца непасрэдна ў аддзяленьні, і ўсё тое, што бачыць галоўны хірург-апэратар і ягоныя асыстэнты, могуць убачыць іншыя лекары, якія прыедуць у 9-ы клінічны шпіталь зь іншых менскіх шпіталёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG